Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Моладзь з Беларусі прыняла ўдзел у Міжнароднай сустрэчы піярскай моладзі ў Аўстрыі
Беларусь
03.08.2015 12:12

З 25 па 31 ліпеня адбывалася Міжнародная сустрэча піярскай моладзі (Piarist Youth Meeting 2015) у г. Хорн (Аўстрыя). У сустрэчы ўдзельнічалі больш за 200 маладых людзей з васьмі краін Еўропы: Аўстрыі, Венгрыі, Італіі, Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Украіны, а таксама, па запрашэнні айцоў Паўла Нэймана SP і Томаша Абрамовіча SP, з Беларусі – група піярскай моладзі з Ліды і Шчучына разам з а. Андрэем Агелем SP.

Мэтай сустрэчы была падрыхтоўка да Сусветнага дня моладзі, які адбудзецца ў Кракаве (Польшча) у 2016 г. Яшчэ на мінулым Сусветным дні моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра Папа Францішак заклікаў маладых людзей узяць евангельскія благаслаўленні ў якасці практычнай праграмы свайго жыцця, таму дэвізам сёлетняй сустрэчы піярскай моладзі былі словы, прапанаваныя Пантыфікам: «Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» (Мц 5, 8).

У межах сустрэчы ў Хорне прайшлі шматлікія сустрэчы ў нацыянальных і міжнародных групах, майстэрні – “Евангелізацыя”, “Флэшмоб”, “Школа малітвы”, “Каталіцкія медыя” і інш., канферэнцыі, у тым ліку канферэнцыя на чале з паслом Аўстрыі ў Чэхіі Фердынандам Трауттмансдорфам, які разам са сваёй жонкай падзяліўся жыццёвым досведам на тэму шлюбу, сям’і, чысціні сэрца.

Паколькі сустрэча насіла міжнародны характар, удзельнікі кожны дзень мелі магчымасць чуць Божае слова на розных еўрапейскіх мовах – ад нямецкай да беларускай.

Сярод іншага, праграма сустрэчы прадугледжвала наведванне Розэнбурга, Альтэнбурга і Вены. Цэнтральным жа яе месцам было паглыбленне адносін з Богам падчас малітвы, канферэнцый, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і адносін з людзьмі праз дыялог, працу ў групах, а таксама праз піярскія танцы.

Можна сказаць, што піярская моладзь з Беларусі не толькі даведалася пра культуру іншых краін, адрозненні паміж народамі, але і ўмацавалася ў перакананні ў тым, што, нягледзячы на існуючыя адрозненні, нас аб’ядноўвае вера і ўпэўненасць, што ўсе піяры Беларусі належаць да адзінай піярскай сям’і.

Кацярына Мурамская, Аляксандр Снапко

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.