Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Канцэрт памяці Алы Невяровіч у Мінску — на яе 50-годдзе "Аve Maria" прагучала некалькі разоў
Беларусь
22.04.2015 09:31

21 красавіка ў касцёле свв. Сымона і Алены ў Мінску адбыўся канцэрт памяці Алы Невяровіч да 50-годдзя з дня яе нараджэння.

Перад канцэртам прысутныя падчас Імшы маліліся за Алу Невяровіч, якая адышла да жыцця вечнага 27 чэрвеня мінулага года.

Малітва і канцэрт, на якім выступіў хор «Голас душы», а ў другой частцы Тамара Рэмез (сапрана) і Віктар Кісцень (арган), сабраў тых людзей, што ведалі Алу Невяровіч, якім яна, як і Касцёлу, аддана і ахвярна імкнулася служыць і служыла. Многія прыйшлі, каб падтрымаць маці Алы, якая таксама была прысутная на канцэрце памяці дачкі.

Гэтая жанчына, душу якой Бог паклікаў амаль на залатой сярэдзіне веку, была надзейнай памагатай і для рэдакцыі catholic.by.

Яна любіла рабіць фотазанатоўкі з жыцця Касцёла ў Беларусі, заносячы яго ў гісторыю, а зараз сама стала часткай яго гісторыі, найперш як шчырая верніца, якую памятаюць, а некаторыя, магчыма, будуць браць з яе прыклад ці ўжо бяруць.

«Памятаем і ўдзячныя Богу за дар жыцця Алы...»

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.