Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Я благаслаўляю вас з любоўю»: Папа Францішак прывітаў супольнасць гродзенскай семінарыі
Беларусь
15.04.2015 16:08

15 красавіка падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Рыме Папа Францішак скіраваў прывітанне настаяцелям і навучэнцам вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. На плошчы прысутнічалі таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Вялікай нечаканасцю для гродзенскіх семінарыстаў было пачуць з вуснаў Папы словы на італьянскай мове, скіраваныя менавіта да іх. Зварот Святога Айца прагучаў таксама ў перакладзе на беларускую мову, яго зачытаў кс. Аляксандр Амяльчэня.


Звяртаючыся да святароў і семінарыстаў, Папа сказаў: «Сардэчна вітаю настаяцеляў і семінарыстаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ў Беларусі, якія прыбылі ў пілігрымцы падзякі за 25 гадоў яе дзейнасці. Умілаваныя, няхай візіт да магіл святых апосталаў Пятра і Паўла нагадвае вам, што пакліканне да святарства, перш за ўсё, асабістая сустрэча з уваскрослым Хрыстом, які кліча і пасылае сваіх вучняў несці ўсім радасную навіну аб збаўленні. Аб’яднаныя з Ім, будзьце мужнымі, каб сведчыць Евангелле са шчырасцю і міласэрнасцю. Я благаслаўляю вас з любоўю. Хвала Езусу Хрысту!»

Пасля агульнай аўдыенцыі Папа Францішак падыйшоў да семінарыстаў. Некаторыя навучэнцы семінарыі з вялікай узрушанасцю цалавалі персцень Рыбака нашых часоў. На запрашэнне супольнасці гродзенскай семінарыі наведаць Беларусь Папа ўсміхнуўся, узглянуў на неба і сказаў: «Калі дазволіць Пан Бог, то гэта будзе».

Таксама Святы Айцец удзяліў біскупам, святарам і семінарыстам апостальскае благаслаўленне.

Пасля быў зроблены супольны здымак на памяць. Беларускія пілігрымы атрымалі ў падарунак ружанцы ад Пантыфіка.


Пілігрымка семінарыстаў, выкладчыкаў і святароў Гродзенскай дыяцэзіі ў Вечны горад пачалася 10 красавіка. Падчас пілігрымкі яны наведваюць галоўныя рымскія базылікі і месцы, звязаныя з жыццём святых. Гэтая пілігрымка з’яўляецца падзякай Богу за 25 гадоў дзейнасці семінарыі. Таксама яе ўдзельнікі просяць аб тым, каб Бог меў у сваёй апецы ўсіх, хто ўтварае супольнасць семінарыі, і моляцца аб новых і шматлікіх пакліканнях у Касцёле.

Кс. Юрый Марціновіч


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.