Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дэлегацыя Каталіцкага Касцёла сустрэлася з пастаянным прадстаўніком ААН у Беларусі і яго супрацоўнікамі
Беларусь
30.10.2014 15:39

30 кастрычніка ў прадстаўніцтве ААН у Беларусі адбылася сустрэча дэлегацыі Каталіцкага Касцёла з пастаянным прадстаўніком ААН у нашай краіне Санака Самарасінха і яго супрацоўнікамі.

Каталіцкі Касцёл на сустрэчы прадстаўлялі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, адказны за СМІ Гродзенскай дыяцэзіі і галоўны рэдактар газеты Гродзенскай дыяцэзіі «Слова жыцця» кс. Павел Салабуда, прэс-сакратар ККББ кс. Юрый Санько, дырэктар Нацыянальнага «Карытас» у Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB, дырэктар дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Аляксандр Фаміных, дырэктар дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі кс. Віталій Дабраловіч, дырэктар Інфармацыйнай Службы пры ККББ кс. Юрый Марціновіч.

Падчас сустрэчы, якая прайшла ў духу ўзаемаразумення і даверу, былі абмеркаваны пытанні па супрацоўніцтве ў галіне выхавання моладзі, барацьбе са СНІДам як пандэміяй нашага часу, сямейным насіллем, здаровым стылі жыцця, апецы над людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі і пажылымі, клопаце аб бежанцах, асабліва з Украіны, а таксама ўзнімалася пытанне смяротнага пакарання.


ААН звярнулася да Каталіцкага Касцёла з прапановай удзельнічаць у праектах па гэтых праблемах. Каталіцкі бок з задавальненнем прыняў яе і выступіў з некаторымі канкрэтнымі прапановамі для ажыццяўлення гэтых праектаў, беручы пад увагу сацыяльнае вучэнне Касцёла.

Падчас сустрэчы выявіліся некаторыя разыходжанні паміж прапанаванымі ААН шляхамі вырашэння гэтых праблем і вучэннем Каталіцкага Касцёла, напр. актуальная зараз гендэрная справа (справа сексуальнай роўнасці) ці рэпрадуктыўнае здароўе (штучнае апладненне). Наконт гэтага пытання Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што ў дадзеных справах Касцёл будзе прытрымлівацца свайго сацыяльнага вучэння і тут не можа быць ніякіх ілюзій. Пазіцыя Касцёла была прынята з разуменнем.


Па словах Мітрапаліта, пытанні, узнятыя падчас сустрэчы, маюць вельмі вялікае значэнне ў нашым грамадстве і вельмі важна, што такая ўплывовая арганізацыя, якой з’яўляецца ААН, звярнулася да Касцёла. Іерарх назваў гэта знакам належнай ацэнкі Касцёла ў Беларусі і яго ролі ў жыцці грамадства, а таксама добрым знакам таго, што ў секулярным свеце пачынаюць разумець неабходнасць духоўнага элементу і духоўнай дапамогі ў вырашэнні яго праблем.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч дадаў, што Каталіцкі Касцёл спадзяецца на плённае супрацоўніцтва з ААН у вырашэнні ўзгаданых праблем і праз гэта - супрацоўніцтва ў евангелізацыі нашага грамадства.

(DN), (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.