Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Свёнтэк — у сэрцах беларускага народа: думкі пасля наведвання дома іерарха
Беларусь
25.10.2014 22:39

У Пінску 25 кастрычніка праходзілі галоўныя ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка. Менавіта ў Пінску іерарх правёў больш за 60 гадоў свайго жыцця. Тут ён усё яшчэ жыве ў памяці і сэрцах многіх людзей, нягледзячы на тое, што прайшло тры гады з часу яго смерці.

У гэтым горадзе будучы кардынал адчуў пакліканне да святарства, прайшоў семінарыйную фармацыю і прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Тут ён служыў вернікам як святар, а ў 1991 г. Папа Ян Павел ІІ прызначыў яго арцыбіскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.

Напэўна, кожны чалавек, які хоць аднойчы ў жыцці спаткаў кардынала Свёнтка, можа сказаць, што гэта была выключная постаць-легенда.

Дом на вуліцы Шаўчэнкі, 12 у Пінску, дзе на працягу некалькіх гадоў жыў кардынал, сёння застаецца сведкам яго размоў з многімі людзьмі, якія наведваліся да яго па службовых і прыватных справах. Прайшло ўжо амаль тры гады з таго часу, як кардынал пакінуў гэты дом. Калі ўваходзіш у гэтае сціплае месца, з’яўляецца ўражанне, што кардынал павінен хутка вярнуцца, магчыма, ён проста кудысьці ад’ехаў, можа, праводзіць візітацыю якой-небудзь парафіі…

Пры ўваходзе ў дом на падаконніку сядзіць кот. Святой памяці іерарх вельмі любіў жывёл. У доме ёсць і сабака, які, напэўна, памятае голас свайго гаспадара.


Барбара Шыманская, якая на працягу гадоў служыла кардыналу сваёй дапамогай, асабліва тады, калі яго шлях станавіўся ўсё цяжэйшым, а сіл заставалася ўсё менш, успамінае, што іерарх быў асаблівымі повязямі звязаны з біскупам Зыгмунтам Лазінскім. «Заўсёды, калі меў якуюсьці праблему, ён бег да гробу Зыгмунта Лазінскага — так свята верыў яму, — адзначае яна. — І кожны раз тое, аб чым прасіў, атрымліваў».

Уваходзячы ў маленькі пакой, дзе кардынал адпачываў, а таксама працаваў, пры першым жа поглядзе заўважаеш на сцяне каляндар на 2011 год, адкрыты на месяцы чэрвені. Менавіта тады кардынал Свёнтэк пакінуў сцены гэтага дома, каб легчы ў шпіталь.

Кардынал зведаў шмат цярпенняў і пераследу ў часы гітлераўскага ліхалецця і камуністычныя часы. 10 гадоў ён быў у ГУЛАГу. Апошнія гады жыцця кардынала таксама былі пазначаны вялікім цярпеннем. Напэўна, ён вельмі рыхтаваўся да гэтай хвалюючай і важнай хвіліны пераходу, напэўна, усведамляў, што смерць прыйдзе, не абміне. Але вельмі хацеў жыць яшчэ, меў планы, няскончаныя справы.


На стале ў пакоі кардынала стаіць пячатная машынка, у якую ўкладзены дакумент Пінскай курыі. Магчыма, яму трэба было яшчэ нешта пісаць — дэкрэт, рашэнне, — але ён ужо не паспеў…
 
На стуле ў самых дзвярах у гэтым маленькім пакойчыку стаяць дыпламаты — у іх кардынал насіў важныя дакументы, свае пячаткі і асабістыя рэчы, як сімвал таго, што іх гаспадар сапраўды сабраўся ў дарогу. Сабраў усё найбольш неабходнае. Адышоў да Пана па вечную ўзнагароду, а з сабой панёс толькі добрыя ўчынкі, панёс сваё зямное жыццё, якое было пазначана вялікім цярпеннем.


Кардынал Свёнтэк стаў перад Панам. Атрымаў сваю вечную ўзнагароду. Мы верым, што з дому Айца Нябеснага ён глядзіць на наш народ і благаслаўляе нас.

Дзякуем табе, кардынале Казіміру, за тваё сведчанне веры, дзякуем за тваю адвагу і гераізм. Ты назаўсёды застанешся ў сэрцах беларускага народа.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.