Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Беларусі створана «Аб’яднанне вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў і інстытутаў кансэкраванага жыцця»
Беларусь
23.10.2014 14:29

22 кастрычніка ў Бараўлянах адбылася чарговая сустрэча вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі.

Больш за 30 удзельнікаў з розных дыяцэзій Беларусі прыехалі на сустрэчу, у якой прыняў удзел і Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Сустрэча распачалася ўрачыстай святой Імшой у гонар св. Яна Паўла ІІ у капліцы Маці Божай Успамогі Хрысціянаў. У гаміліі Апостальскі Нунцый параўнаў манаскае жыццё з прыгожым садам, а харызмат кожнай манаскай супольнасці — з прыгожымі кветкамі ў гэтым садзе.

Іерарх заклікаў кожную манаскую супольнасць не хаваць сваіх харызматаў і не «кансервіраваць» іх для сябе, але з радасцю, якая ідзе з сэрца, развіваць іх і ўпрыгожваць імі супольны сад, якім з’яўляецца Святы Касцёл.

А. Міхаіл Цвячкоўскі MIC абраны старшынёй Аб'яднання

Наступным пунктам сустрэчы стала рабочае пасяджэнне, якое распачалося ў будынку салезіянскага араторыя св. Дамініка Савіо адразу пасля Імшы. Пасяджэнне распачаў Апостальскі Нунцый, які звярнуўся да ўдзельнікаў з прывітальным словам.

Галоўнымі пунктамі павесткі дня былі заснаванне «Аб’яднання вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў і інстытутаў кансэкраванага жыцця ў Беларусі», а таксама распрацаванне агульнага плана абыходу года кансэкраванага жыцця.

На пасяджэнні падчас дыскусіі быў прыняты студыйны тэкст дырэктывы аб’яднання манаскіх супольнасцяў і праведзены выбары старшыні, намесніка, а таксама прадстаўнікоў з кожнай дыяцэзіі, якія будуць дарадцамі і створаць Раду Аб’яднання. Таксама быў абраны сакратар Аб'яднання.


Паводле вынікаў галасавання старшынёй «Аб’яднання вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў і інстытутаў кансэкраванага жыцця ў Беларусі» быў абраны а. Міхаіл Цвячкоўскі MIC.

Яго намеснікам і адначасова прадстаўніком ад Пінскай дыцэзіі была абрана с. Паўла Бобэр MSF. Дарадцам і прадстаўніком ад Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — а. Андрэй Жылевіч OFMCap, ад Гродзенскай дыяцэзіі — кс. Вітольд Пяцельчыц SChP, ад Віцебскай дыяцэзіі — с. Малгажата Аўгустын ASC. Сакратаром аб’яднання стаў а. Станіслаў Вашкевіч SAC.

Згодна з надзвычайным пастанаўленнем пленарнага сходу вышэйназваныя асобы былі абраны на пасады кадэнцыяй на 1 год.


Каардынацыйная камісія прадставіла пленарнаму сходу рабочы план абыходаў года кансэкраванага жыцця і іншыя прапановы, якія непасрэдна звязаны з новаўтвораным аб’яднаннем, і перадала іх новаму старшыні і яго Радзе для далейшай распрацоўкі і прадстаўлення ў Канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

На завяршэнне пасяджэння новаабраны старшыня Аб’яднання падзякаваў за аказаны яму давер і выказаў надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва для дабра не толькі манаскіх супольнасцяў, але і ўсяго Касцёла. Пасяджэнне завяршылася супольнай малітвай і благаслаўленнем старшыні Аб’яднання а. Міхаіла Цвячкоўскага.

Кс. Віктар Гайдукевіч SDB

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.