Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кс. Антоні Ханько ўзгадвае свайго настаўніка па ўроках любові, добразычлівасці і адвагі
Беларусь
30.08.2014 13:10
Ксёндз Антоні Ханько, канцлер Гродзенскай курыі на працягу шматлікіх гадоў, які рыхтаваўся да святарства пры ксяндзу прэлаце Пятру Барташэвічу, з нагоды яго 100-га юбілею з дня нараджэння спецыяльна для Сatholic.by падзяліўся сваімі ўспамінамі і тым, што аб’ядноўвала яго з гэтым святаром, які адышоў у вечнасць у 1991 годзе.

Парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку была апошняй пляцоўкай, дзе служыў да сваёй смерці кс. Пётр Барташэвіч. Менавіта тут упершыню кс. Антоні Ханько, які паходзіць з тутэйшай парафіі, сустрэў на дарозе свайго жыцця руплівага святара, які паўплываў на яго пакліканне.
 

Яго называлі “айцец”

"Пасля прыезду ў нашу парафію кс. Пятра Барташэвіча ўсе нашы хлопцы сталі міністрантамі, а дзяўчынкі сталі ўдзельнічаць ў працэсіі. Вельмі шмат дзяцей і моладзі пачало часцей хадзіць у касцёл. Ён прамаўляў прыгожыя казанні – і людзі маглі слухаць яго гадзінамі. Кожнае казанне доўжылася 45 хвілін”, – узгадвае кс. Антоні Ханько.
 
 

Сяброўства з кс. Пятром распачалося тады, калі аднойчы святар пасля споведзі запрасіў Антонія Ханько ў сакрыстыю. “Быў, сапраўды, як бацька. Для кожнага ён стараўся знайсці час, кожнага заўважаў, абменьваўся некалькімі словамі, пытаўся… У парафіі яго называлі “айцом”, бо перад вайной у парафіі працавалі айцы кармэліты”, – дадае кс. Антоні Ханько.
 
 
 
 
“З 1967 года я пачаў жыць на плябаніі, стаў сакрыстыянінам. Так я працаваў пры касцёле адзін год перад службай у арміі і пяць гадоў пасля вяртання. За гэты час я заўважыў, што кс. Пётр шукаў сапраўднага кантакту з моладдзю. Ён быў таксама вельмі сямейны, падтрымліваў добрыя адносіны са сваімі роднымі. Заўсёды даваў грошы на дарогу”, – дзеліцца канцлер курыі.

Трэба адзначыць, што перад Жалудком кс. Пётр Барташэвіч быў пробашчам у Адэльску, дзе нарадзіўся і выхоўваўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які быў міністрантам у яго. Цяперашні Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўдзячны за сваё пакліканне да святарства кс. Пятру і ўсім руплівым святарам, якіх Божы Провід паставіў у яго жыцці.

Ён пераконваў пайсці дарогай паклікання

Ксёндз Антоні Ханько, маючы прыклад руплівага святара і душпастыра, адкрыў дар паклікання і пайшоў за голасам Хрыста. У 1978 ён прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. 

“На працягу 13 гадоў я быў вікарыем у Жалудку пры сваім настаўніку, а пасля яго смерці праз год служыў пробашчам”, – дадае святар.
 
Асаблівай увагі заслугоўвае барацьба кс. Пятра Барташэвіча з алкагалізмам. Ён быў вельмі ўражлівы на людское гора з-за п’янства, вельмі клапаціўся пра бедных, самотных, пакінутых. “У тыя часы да святара на споведзь хворых людзей прывозілі на кані, у возе. Тады святар выходзіў да воза, які стаяў перад касцёлам, спавядаў, удзяляў сакрамэнт намашчэння хворых, размаўляў, суцяшаў, дадаваў адвагі…” – кажа кс. Антоні Ханько.
 
 

На працягу 20 гадоў кс. Барташэвіч вельмі хварэў, але ніколі не пакідаў касцёл. Нягледзячы на хваробы і недамаганні, вёў рамонт парафіяльнай святыні, хоць у савецкія часы гэты было забаронена. 

У жалудоцкай парафіі кс. прэлат Пётр пашыраў культ св. Францішка. Ён заахвочваў сваіх парафіянаў да ўступлення ў Трэці ордэн францішканаў, каб, спаўняючы евангельскія парады дома на працягу жыцця, яны крочылі дарогай святасці.
 
 
 
 

“У парафіі было 147 тэрцыярыяў і тэрцыярак, удзельнікаў Трэцяга ордэна францішканаў для свецкіх. Да закону далучаліся як жанчыны, так і мужчыны. Ён заахвоціў да ўступлення ў закон і маіх бацькоў, яны таксама гэта зрабілі. Ён валодаў дарам пераконвання, таму яму было важна, каб у кожнай сям’і з парафіі панавала згода, супакой і парадак перад Богам”, – дзеліцца кс. Антоні Ханько.

Чалавек ён быў цёплы, хоць і крычаў за амбонай

Сваё святарства кс. Пётр Барташэвіч спаўняў у складаныя для Касцёла і рэлігіі часы. Больш чым 5 гадоў ён прабыў у лагерах і быў пазбаўлены свабоды і грамадзянскіх правоў. Аднак, нягледзячы на ўсё, моцна змагаўся з несправядлівасцю да рэлігіі. Быў адважны ў слове. Разам з моладдзю граў у футбол. Паўсюль панавала атэістычная прапаганда, якая ўсё знішчала, таму патрэбны былі такія людзі, як кс. Пётр, такія прыклады, каб чалавек, асабліва малады, не сумняваўся.
 
 
 
“Ён быў чалавекам цёплым, хоць і крычаў за амбонай. Дзверы плябаніі былі заўсёды адчынены. Тую яго адкрытасць людзі памятаюць па сённяшні дзень. Падсумоўваючы жыццё вялікага святара, можна ўсё змясціць у некалькіх словах: любоў, добразычлівасць, мужнасць”, - падводзіць высновы канцлер.
 
 
 
Ксёндз прэлат Пётр Барташэвіч адышоў да Бога за сваёй узнагародай 13 студзеня 1991 года. Усім сваім жыццём ён абвяшчаў навуку, настойваў, указваў на памылкі, навучаў, падымаў дух з цярплівасцю (пар. 2 Цм 4, 2). Вернікі ва ўсіх парафіяльных супольнасцях, дзе служыў адданы Богу і людзям душпастыр, памятаюць яго вялікую любоў, добразычлівасць і адвагу яшчэ і сёння. А зерне, кінутае ксяндзом прэлатам у глыбіню людскіх сэрцаў, дае свой плён… 
 
Падрыхтаваў кс. Юрый Марціновіч
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.