Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гран-пры фестывалю «Magnificat-2014» атрымаў фільм «Дачка Прыпяці» з Беларусі
Беларусь
28.08.2014 16:13

28 жніўня былі падведзены вынікі міжнароднага кінафестывалю «Magnificat-2014», паводле якіх Гран-пры атрымаў фільм «Дачка Прыпяці» з Беларусі, які распавядае пра жыццё Палесся.

Фільм «Дачка з Прыпяці» — гісторыя народа і яго духоўнасці

У цэнтры кінааповесці рэжысёр ІгарБышнёў паставіў жыццё адной жанчыны — 72-гадовай Кацярыны Панчэня, заснавальніцы фальклорна-этнічнага калектыву «Міжрэчча», дзякуючы якой захаваліся больш за сотню фальклорных песень і дзясятак абрадаў.

Кінааповесць складаецца з разделаў, якія адзін за адным ілюструюць гісторыю, культуру, духоўнасць і лёс беларускага народа.

Пачынаецца фільм раздзелам «Хлеб», дзе паказваецца, як бабуля Кацярына меле зерне, рыхтуе рошчыну, тройчы малюючы на ёй знак крыжа. А, напрыклад, раздзел «Свята» знаёміць гледача з нацыянальнымі традыцыямі і абрадамі на Каляды.

У наступных раздзелах рэжысёр раскрывае тэму маці і таямніцу мацярынства, а таксама тэму сыноўства.

Апошні раздзел — «Вечнасць», дзе з вуснай гераіні гучыць сумная песня, ілюструецца фотаздымкамі працы вяскоўцаў, якія змяняюцца фотаздымкамі з асабістага альбома Кацярыны Панчэня з Палесся.

 



«За арыгінальнае мастацкае рашэнне эсхаталагічнай тэматыкі» атрымала дыплом тэлепраграма амерыканскага рэжысёра Джэймса Дэя «Пакуты Веронікі», «За новы погляд на тэму вайны і ўвасабленне ідэі прымірэння і прабачэння» дыплом атрымаў
дакументальны фільм з Расіі «Сталінградская Багародзіца», «За адкрыццё новых старонак у гісторыі Катынскай трагедыі» ўзнагароджана польская кінастужка «Смерць іх аб’яднала. Катынскія святары».

Украінскі фільм «Першыя» атрымаў Прыз Інстытута народнай памяці (Польшча) «За мастацкае адлюстраванне складаных праблем гісторыі».

Лепшай тэлевізійнай праграмай была абрана праца «Беларускага відэацэнтра» «Рана ў сэрцы. Міхал Клеафас Агінскі», а лепшы анімацыйным фільмам на фестывалі стала праца іспанскага рэжысёра Грэгорыo Мура «Хто даўжэй».

Больш падрабязную інфармацыю пра вынікі фестывалю можна ўбачыць тут»».

З кожным годам пашыраюцца геаграфічныя межы фестывалю, бо расце колькасць краін-удзельніц, напрыклад, у гэтым годзе далучыліся Казахстан і Македонія, адпаведна павінна ўзрастаць і якасць прадстаўленых прац.

Яшчэ пры адкрыцці фестывалю яго заснавальнік і арганізатар Юрый Гарулёў адзначаў, што гэты юбілейны фестываль асаблівы сваёй высокай якасцю конкурсных прац.

У справах фестываляў такога тыпу як «Magnificat» якасць прадстаўленых кінастужак сведчыць не толькі пра высокі ўзровень фестывалю, але пра магчымасць з большай моцаю паказваць свету прыгажосць і значнасць хрысціянскіх прынцыпаў грамадству.

Фотаздымкі з усіх дзён фестывалю тут»»

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.