Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гледачы «Magnificat-2014»: «тут адбываецца насычэнне духоўнасцю»
Беларусь
28.08.2014 12:23

Хто з’яўляецца галоўным на любым кінафестывалі? Журы, самі рэжысёры ды сцэнарысты, якія прадставілі фільмы? Зразумела і яны, але вельмі важныя тыя, для каго гэтае кіно і прызначана — гледачы. Сёння скончваецца дзясяты, юбілейны фестываль «Magnificat». І зараз слова мы прадстаўляем гледачам фестывалю. Чаму яны прыходзяць на гэтыя паказы? Што іх прываблівае?

Крысціна Шахалай адзначае, што ёй на тэлебачанні не хапае фільмаў, якія паказваюць тут: “Яны мне вельмі блізкія, бо я чалавек веруючы і для мяне духоўныя каштоўнасці на першым месцы. З фільмаў, якія яе набольш уразілі на працягу існавання ўсяго фестывалю, яна называе фільм беларускага рэжысёра Уладзіміра Арлова «Перасячэнне ў прасторы і часе» — аповед аб тым, як у Будслаў даставілі па вадзе вялізны драўляны крыж. Дарэчы, і самога рэжысёра яна ўжо ведае ў твар, бо Уладзімір Арлоў прадстаўляў свае фільмы на фестывалі неаднойчы.

Людміла Сінкевіч кажа: «Мне цікава, як людзі прыходзяць да веры, цікавыя фільмы аб чалавечым суперажыванні — гэта дае магчымасць нам самім быць больш добрымі і міласэрнымі. Кожны раз рэлігійныя фільмы гляджу з вялікай цікавасцю. Прыходжу на прагляды амаль з першага фестывалю. Асабліва запомніліся фільмы «Дзяўчаты, дзяўчаты», «Крышталёвы хлопчык», фільм Уладзіміра Арлова «Каля Чырвонага касцёла», і «анімацыйны пра варону».

Кацярына Міхайлік гэтым разам на прагляд фільмаў прыйшла адна. Але на працягу многіх гадоў, — амаль з першага правядзення «Magnificat», — прыходзіла разам з мужам — спадар Казімір Дубіна памёр паўгады таму. Сюды яна прыходзіць, «бо хочацца паглядзець фільмы для душы».

Тэрэза Касцюкевіч таксама прыходзіць на прагляды фільмаў ад часу правядзення першага фестывалю. «Галоўнае — гэта духоўнае, а не матэрыяльнае. Тут адбываецца насычэнне духоўнасцю — я прыходжу, каб ёю насыціцца. З фільмаў, якія яе найбольш уразілі на гэтым кінафестывалі, — «Танга для Папы», «Дачка Прыпяці». А яшчэ спадарыня Тэрэза пераказвае сюжэт фільма, паказанага некалькі гадоў таму на фестывалі, які найбольш уразіў так, што яна памятае яго дагэтуль. Жанчыне прысніўся сон, што ў госці да яе збіраецца завітаць Езус. Яна цэлы дзень завіхаецца ў хаце, рыхтуючыся да сустрэчы з ім, а тым часам ёй перашкаджае суседскі хлопчык, што прыбягае да яе, потым жанчына, якую муж пабіў і выгнаў з хаты, пазней яшчэ і жабрак. І так увесь дзень. А дарагі госць — Езус, так і не завітаў. У тую ж ноч жанчыне зноў прысніўся сон, дзе яна спытала ў Езуса, чаму ж ён так і не завітаў да яе. На пытанне Езус ёй адказаў, што ён прыходзіў да яе ў вобразе суседскага хлопчыка, жанчыны і жабрака...

Людміла Курыловіч кажа: «Я стараюся прыходзіць сюды заўсёды». Яна адзначае, што ў гэтым годзе «Magnificat» асабліва ўразіў яе сваімі фільмамі. «Я такіх фільмаў больш нідзе не ўбачу, на тэлебачанні іх не дэманструюць» — сказала яна. У гэтым годзе ёй найбольш спадабаўся фільм «Сталінградская Мадонна», жанчына лічыць, што «фільм настолькі адпавядае ідэі фестываля! Я сказала аўтару гэтага фільма вельмі добрыя словы, бо разумею, як важна для аўтараў фільмаў меркаванне гледача».

Кацярына Лаўрыненка, спецыяльна для catholic.by
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.