Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Скаўты з Беларусі вырушылі на «Еўраджэм»
Беларусь
31.07.2014 13:03

Раніцай 30 ліпеня 2014 года 190 скаўтаў з розных куткоў Беларусі сабраліся разам у Гродне і распачалі святой Імшой свой шлях на «Еўраджэм» — сустрэчу скаўтаў Еўропы, якая адбываецца раз на 10 гадоў. Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Сёлетняя сустрэча «Еўраджэма» адбудзецца ў Нармандыі (Францыя), недалёка ад мястэчка Лізьё, дзе нарадзілася добра вядомая беларусам святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус, і пройдзе пад дэвізам “Прыйдзіце і ўбачце!”.

Свой першы начлег скаўты правялі ў гістарычнай сталіцы Польшчы – Гнезна. Адным з галоўных кірункаў асабістага развіцця скаўтаў з’яўляецца духоўнасць, таму кожны дзень яны сустракаюцца разам на святой Імшы.

Разам з беларускімі скаўтамі на «Еўраджэм» накіроўваюцца таксама пяць святароў: айцец Лех з Івянца, які з’яўляецца нацыянальным душпастырам скаўтаў Еўропы ў Беларусі, айцец Міхал з Мінска – душпастыр скаўтаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, айцец Славамір – пробашч парафіі ў Гомелі, айцец Віталій з Віцебска і айцец Шыман з Шуміліна. Як узгадаў на ўрачыстым шыхтаванні ў Гродне нацыянальны камісар Павел Граковіч, вельмі важна, каб святары апекаваліся скаўтамі, і вельмі добра, што такіх святароў становіцца ўсё больш.

Акрамя саміх удзельнікаў «Еўраджэма» – падлеткаў 12-17 гадоў і іх шэфаў – на сустрэчу накіроўваюцца таксама правадніцы (старэйшыя скаўткі) з Мінска, Віцебска і Гродна, якія ўдзельнічаюць ў ёй у якасці валанцёраў. Зялёную галіну еўрапейскага скаўтынгу — так называюць дванаццаці-сямнаццацігадовых скаўтаў — ад Беларусі на сёлетняй сустрэчы прадстаўляюць хлопцы і дзяўчаты з Івянца, Гомеля, Барысава, Гродна, дзяўчаты з Паставаў і Лынтупаў.

На пачатку падарожжа скаўтаў сустрэла добрае надвор’е, якое, як спадзяюцца яны самі, застанецца такім і надалей.

Ганна Журко

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.