Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Іерархі Касцёла прынялі ўдзел у пасяджэнні па падрыхтоўцы да правядзення IV Праваслаўна-каталіцкага форума
Беларусь
17.04.2014 18:17

17 красавіка адбылося пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы да правядзення IV Праваслаўна-каталіцкага форума, які пройдзе ў Мінску 2-6 чэрвеня 2014 года. На пасяджэнні, якое ўзначаліў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел, Каталіцкі Касцёл прадставілі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Як інфармуе афіцыйны партал Беларускай Праваслаўнай Царквы, у пасяджэнні ўдзельнічалі таксама Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, вікарый Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы епіскап Барысаўскі Веніямін, кіраўнік справамі Беларускай Праваслаўнай Царквы архімандрыт Антоній Даронін, намеснік старшыні Мінгарвыканкама І. Карпенка, загадчыца аддзела па працы з грамадскімі аб'яднаннямі і палітычнымі партыямі Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Л. Бароўка, кіраўнік аддзела па справах рэлігій Апарату Упаўнаважанага А. Радчанка, настаяцель мінскага прыходу Усіх Святых протаіерэй Фёдар Поўны, віцэ-старшыня Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя святых Мятода і Кірыла Г. Даўгяла.

Падчас пасяджэння ўдзельнікі абмеркавалі розныя пытанні пратаколу і праграмы правядзення форума.

У ходзе прадуктыўнай дыскусіі прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, Каталіцкага Касцёла і дзяржавы выпрацавалі асноўныя прынцыпы і падыходы да арганізацыі форума, а таксама даручэнні да наступнага пасяджэння.

Раней на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Вялікадню, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адзначаў, што IV Праваслаўна-каталіцкі форум, які будзе прысвечаны маральным выклікам сённяшняга часу, рэлігійнаму і культурнаму плюралізму ў Еўропе, стане нефармальнай пляцоўкай, дзе сустрэнуцца іерархі Каталіцкага Касцёла краін Еўропы і Праваслаўных Цэркваў Еўропы. Правядзенне такога форума ў Мінску Мітрапаліт назваў вялікім гонарам для Касцёла ў Беларусі і “нагодай, каб супольна сведчыць пра выклікі часу”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.