Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апостальскі Нунцый атрымаў аўдыенцыю ў Святога Айца Францішка
Беларусь
25.06.2013 11:39

21 чэрвеня Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці атрымаў аўдыенцыю ў Яго Святасці папы Францішка. Раней магчымасць сустрэцца з Папам меў таксама сакратар Апостальскай Нунцыятуры мансіньёр Філіпа Чампанэллі. Апостальскі Нунцый перадаў Святому Айцу прывітанні ад кіраўніцтва Беларусі і беларускага народа.

Папа Францішак выявіў глыбокія і актуальныя веды адносна рэлігійнай, палітычнай, культурнай і сацыяльнай сітуацыі ў Беларусі. Пантыфік папрасіў перадаць яго салідарнасць і вялікую сімпатыю да Беларусі, асабліва да тых, хто пакутуе, а таксама выказаў надзею на тое, што з дапамогай Святога Пасаду адносіны краіны з Захадам будуць паляпшацца шляхам павагі, дыялога і ўзаемаразумення. Папа зазначыў, што вельмі рады выказаць сваю салідарнасць з Беларуссю праз жэст асаблівай увагі, якога вельмі прагнуў: блізкі візіт Яго Эмінэнцыі кардынала Жана-Луі Тарана, якога Святы Айцец пажадаў прызначыць сваім Надзвычайным Пасланнікам на юбілейныя ўрачыстасці ў Будславе. Пантыфік паабяцаў, што будзе маліцца аб паспяховым выкананні місіі кардынала. Яго Святасць даў сваё благаслаўленне дарагім католікам Беларусі, якіх ён ведае як адданых, верных і поўных энтузіязму дзяцей Каталіцкага Касцёла, пасля вялікіх выпрабаванняў мінуўшчыны. Папа папрасіў таксама перадаць прывітанні ўсім беларусам, а асабліва братам Праваслаўнай Царквы.

На аўдыенцыі прысутнічаў і Яго Эмінэнцыя кардынал Тарчызіо Бэртонэ, Дзяржаўны Сакратар, які ўзгадаў пра свой візіт у Беларусь і пацвердзіў лінію Святога Пасаду, якая была прадэманстравана падчас візіту.

24 чэрвеня арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці сустрэўся з кардыналам Таранам, з якім доўга размаўляў пра Беларусь і абмяркоўваў дэталі яго візіту ў краіну. Ад імя беларусаў Апостальскі Нунцый павіншаваў кардынала з імянінамі.

(AG)

 

 


 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.