Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Аб уключэнні імя святога Юзафа ў эўхарыстычныя малітвы
Беларусь
20.06.2013 14:04

Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў уключыла імя св. Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, у эўхарыстычныя малітвы трэцяга выдання Рымскага Імшала. Кангрэгацыя апублікавала лацінскі варыянт паправак, які ад гэтага моманту будзе мець статус афіцыйнага тэксту. Пераклад на беларускую мову ў найбліжэйшы час будзе падрыхтаваны Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і перададзены на зацвярджэнне ў кангрэгацыю.

У II, III і IV эўхарыстычных малітвах імя св. Юзафа будзе прамаўляцца адразу пасля імя Найсвяцейшай Панны Марыі. У II-й эўхарыстычнай малітве імшальны тэкст будзе гучаць: «ut cum beáta Dei Genetríce Vírgine María, beáto Ioseph, eius Sponso, beátis Apóstolis»; у ІІІ-й: «cum beatíssima Vírgine, Dei Genetríce, María, cum beáto Ioseph, eius Sponso, cum beátis Apóstolis»; у IV-й: «cum beáta Vírgine, Dei Genetríce, María, cum beáto Ioseph, eius Sponso, cum Apóstolis».

Пераклад на самыя распаўсюджаныя заходнія мовы Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў прадставіць у хуткім часе.

Як гаворыцца ў паведамленні, падпісаным прэфектам кангрэгацыі кардыналам Антоніо Канісарэсам, рашэнне было прынята «пасля ўважлівага разгляду гэтага пытання і ў сілу паўнамоцтваў, атрыманых ад Святога Айца Францішка». Матывам рашэння стала адмысловая сувязь св. Юзафа «з пачаткам таямніцы збаўлення чалавека», яго незвычайная пакора, «якая ў хрысціянскай веры служыць дасягненню высокіх мэтаў», яго звычайныя чалавечыя цноты, неабходныя, каб быць добрым і сапраўдным сведкам Хрыста. Дзякуючы ім святы Юзаф,  «які з з любоўю клапаціўся пра Маці Божую і з радасцю прысвяціў сябе выхаванню Езуса Хрыста, стаў апекуном самых каштоўных скарбаў Бога Айца і, адзначыўшыся на працягу стагоддзяў культам Божага народа, падтрымліваў містычнае цела Езуса, Касцёл».

У дакуменце паведамляецца, што рашэнне аб уключэнні імя св. Юзафа ў эўхарыстычныя малітвы прыняў падчас свайго Пантыфікату Бэнэдыкт XVI, і яго падтрымаў папа Францішак.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.