Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Шчаслівае сужэнства. Сужэнская духоўнасць пасля смерці сужонка
Рубрыка Ватыканскага радыё
27.11.2015 15:52

Маладыя сужонкі часта мараць пражыць усё жыццё разам і памерці ў адзін дзень. Вопыт паказвае, што так здараецца далёка не заўсёды і многія пары павінны, рана ці позна, сустрэцца з выпрабаваннем расстання з каханым чалавекам, прычынай якога становіцца смерць.

Расстанне з каханым чалавекам становіцца момантам глыбокага ачышчэння пачуццяў і эмоцый. Адсутнасць магчымасці падзяляць тысячы штодзённых спраў, як гэта было на працягу гадоў сумеснага жыцця; раптоўнае адчуванне таго, што побач больш няма чалавека, які кахаў цябе больш за ўсё; недахоп у цёплых і прывычных жэстах, размовах, супольнай малітве... усё гэта з’яўляецца найцяжэйшым выпрабаваннем.

Расстанне, справакаванае смерцю сужонка, з’яўляецца таксама моцным выпрабаваннем для духоўнага жыцця. Для двух людзей, якія не проста жылі паралельным жыццём, але рэалізавалі паміж сабой глыбокую ўнутраную еднасць целаў і сэрцаў, нялёгка вярнуцца да духоўнасці «самотных». Але не факт, што менавіта так павінна адбывацца. Больш за тое, цалкам апраўданымі з’яўляюцца пытанні пра характар духоўнасці ўдаўцоў і ўдоваў: ці трэба пасля смерці сужонкам вяртацца да «індывідуалістычнай» духоўнасці або працягваць захоўваць яе сужэнскі характар? Калі так – то якім чынам? Перакрэсліць усё, што было раней, пасля каштоўнага досведу духоўнага характару – гэта не толькі нечалавечна з псіхалагічнага пункту гледжання, але і цалкам абсурдна з пункту гледжання духоўнага. Такім чынам, паўстае пытанне, як павінна змяніцца духоўнае жыццё пасля смерці сужонка. Ці будзе яно заставацца супольным?


Нямала людзей сведчаць пра тое, што еднасць з памерлым сужонкам становіцца яшчэ больш моцнай, чым гэта было раней. Пра такі досвед казаў таксама вялікі каталіцкі пісьменнік, філосаф і тэолаг Жан Гітон пасля смерці сваёй жонкі. Ён называў гэты перыяд жыцця пераходам «ад камунікацыі да еднасці» («de la communication à la communion»). Пра якую еднасць ідзе гаворка? Не больш, не менш, але менавіта пра тую, якую Касцёл называе «еднасцю святых».

Маецца на ўвазе не проста жыццё ўспамінамі пра памерлага дарагога чалавека – якія пастаянна ўмацоўваюцца эмоцыямі і перажываннямі, – але пра новы спосаб адчування яго прысутнасці побач, духоўнага дзялення, якое часам становіцца мацнейшым за тое, што было раней. Смерць балюча раздзяляе... але, у той жа час, таямнічым чынам устанаўлівае паміж сужонкамі новую і глыбокую камунікацыю. Так, духоўнае жыццё ўдоваў і ўдаўцоў разглядацца ў якасці прароцкага абвяшчэння той праўды, якую мы вызнаем у Сімвале веры і якая глыбокім чынам звязана з верай ва ўваскрасенне. Духоўнасць еднасці працягвае існаваць дасканалым чынам у якасці сужэнскай духоўнасці. У пэўным сэнсе гэта найвышэйшае сталенне сужэнскага кахання.

Сужэнства, у рэальнасці, абвяшчае ўваскрашэнне целаў у момант хвалебнага вяртання Хрыста-Жаніха. Уваскрашэнне азначае поўнае спаўненне нашай чалавечнасці праз дасканалае спаўненне нашага псіхасаматычнага існавання, гэта значыць цялеснага і духоўнага вымярэння асобы. Яно будзе таксама поўнай рэалізацыяй нашай чалавечнасці, паколькі мы з’яўляемся істотамі, пакліканымі да адзінства.


Існуе пытанне, якое можа непакоіць сужонкаў, асабліва тых, якія жывуць пасля смерці свайго мужа ці жонцы. Яно тычыцца таго, што будзе напрыканцы. На яго Езус аднойчы адказаў:

«Пры ўваскрашэнні ні жэняцца, ні выходзяць замуж, але жывуць, як анёлы Божыя на нябёсах» (Мц 22, 30). Гледзячы на тое, як Касцёл дазваляе ўдовам і ўдаўцам заключаць новыя саюзы, можна падумаць, што сужэнскі саюз анулюецца са смерцю. Падобнае меркаванне можа выклікаць пэўны духоўны дыскамфорт і нават трывогу. Ці сапраўды сужэнства мае такі нязначны сэнс і вагу, што анулюецца перад абліччам вечнасці, якая нам наканавана? Гэта не так. Езус не сказаў: «Пры ўваскрашенні не будзеце больш мужам і жонкай», але «пры ўваскрашэнні ні жэняцца, ні выходзяць замуж». Прычына гэта вельмі простая: тое, што сужэнства абвяшчае і азначае ў зямным жыцці, будзе цалкам споўнена ў вечнасці.

Тыя, хто ажаніўся ў гэтым зямным жыцці, не перастануць быць сужонкамі пры ўваскрашэнні, і еднасць, якую спрабавалі рэалізаваць на працягу сужэнскага жыцця, застанецца назаўсёды. У сувязі з гэтым св. Ян Павел ІІ казаў: «Сужэнства мае сваю поўную адпаведнасць і каштоўнасць для Валадарства Нябеснага, каштоўнасць фундаментальную, паўсюдную і звычайную».

Але якога кшталту адносіны будуць мець сужонкі пры ўваскрашэнні, у Валадарстве Нябесным? На гэтае пытанне складана адказаць на падставе тых ведаў, якія чалавек атрымлівае ў гэтым свеце. Мы можам мець уяўленне пра вечнае жыццё толькі прыблізна і недасканала. Тым не менш, цікава паслухаць, што на гэты конт казалі вялікі святыя і Доктары Касцёла. Напрыклад св. Тамаш Аквінскі меркаваў, што поўная еднасць з Богам, якой будзем жыць пры ўваскрашэнні, не выключае асаблівай блізкасці з некаторымі асобамі, блізкасці, якая будзе вымярацца любоўю. Гэта значыць, што пры ўваскрашэнні мы будзем блізка з тымі, каго найбольш любілі і хто нас вельмі любіў. Можна лічыць, што гэта будзе тычыцца тых, каму мы ахвяравалі і ад каго атрымалі ў сужэнстве самую вялікую любоў.

Жыццё пасля смерці сужонка становіцца, такім чынам, вялікай нагодай для ўмацавання духоўнасці еднасці, якая не перастае быць сужэнскай. Жывучы асаблівым усведамленнем гэтай еднасці з любімым чалавекам, які працягвае жыць у Богу ў чаканні на ўваскрашэнне, удаўцы і ўдовы могуць стаць пераканаўчымі прарокамі еднасці святых.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.