Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрысціянін і права. Святарская рада
Рубрыка Ватыканскага радыё
25.11.2015 16:49

Мы гаварылі аб арганізацыі працы дыяцэзіяльнай курыі і рады па эканамічных справах, а сёння пагаворым аб іншых арганізмах дыяцэзіі, якія дапамагаюць біскупу выконваць яго абавязкі. Найперш пагаворым аб святарскай радзе.

Кодэкс гаворыць, што ў кожнай дыяцэзіі павінна быць заснавана святарская рада, г.зн. група святароў, якая з’яўляецца нібы сенатам біскупа і якая прадстаўляе прэзбітэрый; гэтая рада павінна дапамагаць біскупу ў кіраванні дыяцэзіяй, каб як мага больш паспяхова садзейнічаць пастырскаму дабру даручанай біскупу частцы Божага народа. У пэўным сэнсе святарская рада з’яўляецца праяўленнем супольнасці паміж біскупам і прэзбітэрамі, якія з ім супрацоўнічаюць. Святарская рада з’яўляецца абавязковай, але выконвае дарадчую функцыю. Больш за тое, святарская рада з’яўляецца прадстаўніком усяго прэзбітэрыя дыяцэзіі, таму важна, каб у яе склад уваходзілі прадстаўнікі розных частак прэзбітэраў.

Што датычыць непасрэдна прызначэння членаў святарскай рады, то звычайна каля паловы з іх свабодна выбіраюцца самімі святарамі, некаторыя святары ўваходзяць у яе з моцы займаемай пасады (напрыклад, генеральны вікарый, канцлер ці рэктар семінарыі), а частку членаў святарскай рады прызначае дыяцэзіяльны біскуп. Кожная святарская рада павінна мець свае статуты, дзе між іншым павінен быць дакладна прапісаны спосаб выбару членаў рады.

Святарская рада мае права толькі дарадчага голасу, але гэта не значыць, што меркаванне святарскай рады нічога не азначае для біскупа; дыяцэзіяльны біскуп павінен выслухоўваць меркаванне рады па асабліва важных праблемах, аднак у некаторых выпадках для сапраўднасці прынятага біскупам рашэння патрабуецца згода святарскай рады.

Члены святарскай рады прызначаюцца на тэрмін, акрэслены статутамі, аднак такім чынам, каб уся рада або некаторая яе частка абнаўлялася на працягу пяці гадоў. З членаў святарскай рады дыяцэзіяльны біскуп свабодна прызначае некалькі святароў, лічбай не менш шасці і не больш дванаццаці, якія павінны на пяць гадоў скласці калегію кансультантаў — чарговы орган у дыяцэзіі, які павінен дапамагаць дыяцэзіяльнаму біскупу, а ў выпадку вакантнасці катэдры кіраваць дыяцэзіяй. Калегію кансультантаў узначальвае дыяцэзіяльны біскуп; калі катэдра мае перашкоды або становіцца вакантнай, калегію ўзначальвае асоба, часова займаючая месца біскупа або, калі яна яшчэ не была прызначана, найстарэйшы пасвячэннем святар з калегіі кансультантаў.

Наступны орган, аб якім хацелася б пагаварыць, — гэта пастырская рада. 511-ы канон Кодэксу гаворыць, што ў дыяцэзіі, калі да гэтага пабуджаюць пастырскія абставіны, павінна быць заснавана пастырская рада, якая павінна пад кіраўніцтвам біскупа вывучаць і ацэньваць тое, што датычыць пастырскай дзейнасці ў дыяцэзіі, а таксама ўносіць практычныя прапановы. Пастырская рада складаецца з вернікаў, якія павінны знаходзіцца ў поўнай камуніі з Каталіцкім Касцёлам, як з духоўных асобаў і членаў інстытутаў кансэкраванага жыцця, так і перад усім са свецкіх вернікаў, якія прызначаюцца спосабам, акрэсленым дыяцэзіяльным біскупам. Вернікі выбіраюцца такім чынам, каб праз іх сапраўды адлюстроўвалася ўся частка Божага народа, якая складае дыяцэзію, з улікам разнастайнасці рэгіёнаў дыяцэзіі, сацыяльных умоў і прафесій, а таксама той ролі, якую яны выконваюць у апостальстве індывідуальна або сумесна з іншымі. І трэба зазначыць, што ў пастырскую раду накіроўваюцца толькі тыя вернікі, якія вылучаюцца моцнай верай, добрымі норавамі і разважлівасцю. У Кодэксе не існуе ніякіх спецыяльных указанняў, якіх вернікаў трэба паклікаць да пастырскай рады, гэтая справа прадстаўлена на разгледжанне дыяцэзіяльнаму біскупу. Пастырская рада павінна збірацца па меншай меры адзін раз у год.

Кс. Дзмітрый Пухальскі

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.