Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Ён у кожным чалавеку бачыў надзею»: успаміны пра кардынала Казіміра Свёнтка
Усяго патроху
21.07.2016 15:17

21 ліпеня спаўняецца 5 гадоў з дня смерці кардынала Казіміра Свёнтка. З гэтай нагоды мы прапануем некаторыя ўспаміны святароў, якія непасрэдна ведалі кардынала, сустракаліся з ім і пераймалі ў яго жыццёвы вопыт.

«Ён у кожным чалавеку бачыў надзею»

Многія святары, якія кантактавалі з кардыналам Казімірам Свёнткам, бадай што асноўнай якасцю іерарха называлі надзвычайную далікатнасць і шчырасць у адносінах да бліжніх.

«Ён да кожнага чалавека падыходзіў з чалавечнасцю. Кожны, хто з ім размаўляў, меў пачуццё таго, што яго слухаюць. Пры гэтым падчас размовы ён заўсёды глядзеў чалавеку ў вочы. А калі радаваўся, не саромеўся падаваць руку іншаму чалавеку», — узгадвае кс. Павел Рудзьман.

Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ўзгадвае надзвычайную цярплівасць і гатоўнасць выслухаць іншага чалавека, якімі валодаў кардынал Казімір Свёнтэк.

«Часамі, праехаўшы нават сотні кіламетраў і вяртаючыся ў Мінскую курыю, ён цярпліва выслухоўваў наведвальнікаў. Хоць была бачная яго стомленасць, ён не хацеў яе паказваць», — узгадвае пінскі ардынарый.

Вера ў кожнага чалавека была бадай што адной з самых галоўных рыс першага кардынала на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

«Ён у кожным чалавеку бачыў надзею, да апошняга. Не было такога, каб ён кагосьці “перакрэсліў”. Вельмі добра бачыў людзей. Яго адкрытасць мяне часамі проста ставіла на калені. Для мяне гэта быў прыклад ахвярнасці і нястомнасці», — дадае кс. Павел Рудзьман.

Выхаванасць і адкрытасць кардынала ўзгадвае таксама айцец Аркадзь Куляха OCD.

«Ён з лёгкасцю наладжваў кантакты з новымі людзьмі, ніколі не дэманструючы якой-небудзь перавагі або непрыязнасці. У вочы кідалася яго вялікая павага да кожнага чалавека. Думаю, гэта не было звычайнай ветлівасцю або проста чалавечай пазіцыяй — перш за ўсё гэта быў вынік хрысціянскай пазіцыі любові да бліжняга, любові, якая нараджаецца і развіваецца ў асабістай сустрэчы з Богам – Любоўю», — распавёў а. Аркадзь Куляха.

Акрамя таго, у сваіх успамінах святар падкрэсліў, што кардынал Казімір Свёнтэк заўсёды ўмеў прасіць і дзякаваць. Гэтым самым ён вучыў пакоры іншых.

«Ён звычайна казаў, што падзякі ніколі не бывае зашмат, спасылаючыся пры гэтым на сваю маму, якая выхоўвала ў сваіх дзецях пачуццё ўдзячнасці», — заўважае а. Аркадзь Куляха.

Мудры, «любячы айцец»

Ксёндз Павел Рудзьман таксама ўзгадаў, што кардынал для яго асабіста быў «любячым айцом».

«Гэта быў мудры чалавек, да якога заўсёды можна было падыйсці за парадай і падтрымкай. Як бы ні складваліся жыццёвыя абставіны, заўсёды была адназначная падтрымка», — заўважае святар.

Сённяшні дырэктар Катэхетычнага каледжа імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах прызнаўся, што для яго кардынал да гэтага часу з’яўляецца «прыкладам памяці».

«Ён памятаў усё, кожнага. У той жа час гэта быў вельмі дыпламатычны і мудры чалавек. Бескарыслівы. Гэта кажа аб ахвярнасці яго службы», — адзначае святар.

Міласэрны і чулы да патрэб іншых

Сярод іншых якасцяў спачылага іерарха тыя, хто яго непасрэдна ведаў, узгадваюць чуласць да патрабуючых, асабліва да хворых. Ён заўсёды, паводле расповедаў, стараўся наведаць хворых святароў.

«Аднойчы, калі я толькі прыбыў у Мінск, кардынал на наступны дзень прапанаваў мне паехаць да цяжкахворага пробашча з Пяршаяў, які быў паралізаваны і ў той час знаходзіўся ў кляштары ў Івянцы. Я як цяпер бачу тую радасць гэтага хворага святара, калі ён убачыў, што да яго прыехаў кардынал. Таксама ён прыязджаў да майго пробашча кс. Люцыяна з Дзераўной за некалькі дзён да яго смерці. У кардынала гэта ўжо было выпрацаванай рысай – адведваць хворых», — узгадвае біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Аптыміст

«Ён увесь час адзначаўся непасрэднасцю, шчырасцю, не адчувалася, што размаўляеш з чалавекам, які прайшоў такія цяжкія выпрабаванні. Заўсёды быў аптымістам, знаходзіў нейкае слова, каб падтрымаць. Упэўнена глядзеў у будучыню», — кажа кс. Андрэй Рылка.

«Мяне вельмі ўражваў тонкі гумар кардынала. Нават праз гумар адчуваліся вялікая культура і адукаванасць, якія захаплялі, і з ім хацелася размаўляць, каб узяць для сябе гэтай культуры і мудрасці», — дзеліцца кс. Юрый Медушэўскі  

Надзвычай просты і непатрабавальны да рэчаў

«Калі я паступаў у духоўную семінарыю, мой пробашч параіў мне паехаць паразмаўляць з кардыналам. Да гэтага я яго ніколі не бачыў. Толькі дзесьці чытаў у газетах і часопісах. Пра кардыналаў, калі яшчэ быў школьнікам, ведаў толькі з нейкай класічнай французскай літаратуры. Тады мне ўяўлялася, што кардынал — гэта нейкі вельмі важны чалавек, які жыве ў палацы. Ну і, збіраючыся ў семінарыю, я паехаў у Пінск. Перад гэтым я ніколі не быў у Пінску. Меў толькі ад пробашча адрас, на якой вуліцы жыве кардынал. І, памятаю, калі ішоў з вакзалу па нейкіх вулачках, выглядваў палац», — пачаў свой расповед пра знаёмства з кардыналам Казімірам Свёнткам кс. Андрэй Рылка.

Убачыўшы замест «палаца» простыя вясковыя хаткі, будучы святар падумаў, што памыліўся адрасам.

«Зайшоўшы ў двор, я запытаўся: “Тут дзесьці павінен жыць кардынал?” Мне паказалі хатку. Я туды зайшоў. І першае, што мяне ўразіла, — гэта сціплыя ўмовы жыцця і яго сардэчнасць і прастата, з якой ён прымаў. Ён прымаў па-айцоўску, як добры пастыр», — узгадвае кс. Андрэй Рылка.


Дом у Пінску, у якім жыў кардынал Казімір Свёнтэк

«Неяк кардынал распавядаў мне, што не хоча пакінуць гэты маленькі дом, бо абяцаў Богу сціпласць і ўбоства да канца сваіх дзён. “Калі б я цяпер перасяліўся ў курыю, то здрадзіў бы! Так, здрадзіў бы!” Тады мне здавалася, што гэта не было б здрадаю, а цяпер я разумею, што ён хацеў застацца сапраўды верным», — заўважае айцец Аркадзь Куляха.

«Вельмі сціплым быў не толькі пакой, у якім ён жыў, але і яго вопратка. Я памятаю яго летнія туфлі. Ён і зімой, і летам у іх хадзіў. Часамі пабожныя жанчынкі казалі: “Ой, кардынал, Вам жа холадна”. Прыносілі яму зімовы абутак на футры. Як толькі яны сыходзілі, кардынал здымаў яго. Вельмі вынослівы быў на холад. Усе здзіўляліся, як ён зімою ў катэдры ў летніх туфельках цэлебраваў святую Імшу, але ён так спакойна сябе адчуваў. А летнюю спякоту яму было вельмі цяжка пераносіць», — узгадвае біскуп Антоні Дзям’янка.

Заўсёды малады

Кардынал Казімір Свёнтэк, нягледзячы на ўзрост, быў, паводле ўспамінаў, малады душой. Гэта праяўлялася ў яго характары, а найбольш ва ўменні наладжваць кантакт з маладым пакаленнем.

«Калі мы вырашалі нейкія пытанні, то пасля абмеркавання ён казаў: “Ну што, робім каву”. І выцягваў у сябе з шафы спецыяльную бляшаную пасудзіну, яшчэ з лагера, з тых часоў прывезеную, у якой ён заўсёды трымаў каву. І казаў мне: “Ну, ты малады, давай, засыпай каву”. Мяне заўсёды ўражвала, што гэты чалавек у такім сталым узросце піў вельмі моцную каву. Было дзіўна, што гэты чалавек мае такі ўзрост і адначасова столькі энергіі і маладосці. Ён заўсёды стараўся з намі, маладымі, па-маладому сябе паводзіць», — узгадвае кс. Андрэй Рылка.

«А пазней, калі ён да нас, семінарыстаў, прыязджаў у семінарыю ў Гродна, то заўсёды вельмі сардэчна з намі размаўляў», — дадае святар.

Як узгадвае ў сваіх успамінах а. Аркадзь Куляха, у кардынале «было штосьці, што прыцягвала дзяўчат і хлопцаў, якія па гадax маглі б быць яго праўнукамі».

«Незвычайнаю была атмасфера яго сустрэч з моладдзю. У кардынала было што ім распавесці, а яны жадалі слухаць і слухаць яго... Пра што ён гаварыў? Hiчora незвычайнага! Проста дзяліўся сваім досведам веры, як роўны з імі. Таму кардынал быў для моладзі аўтарытэтам. Акрамя таго, ён проста прамяніўся радасцю, часам сапраўды дзіцячай. Маладыя людзі без словаў разумелі, што сустрэчы з імі былі вельмі важныя для яго, бо ён успрымаў іх як роўных. Кардынал не маралізаваў і не павучаў, а даваў уласнае сведчанне дабрыні і любові Бога, захапляючыся Божымі справамі ў сваім жыцці», — кажа а. Аркадзь Куляха.

Мудры і дасведчаны

Вядома, што, перажыўшы столькі ў жыцці, прайшоўшы праз шматлікія выпрабаванні, кардынал набыў вялікі жыццёвы досвед і мудрасць, якой у пэўных сітуацыях хацеў падзяліцца з маладымі святарамі.

«Мне пашчасціла пад айцоўскім вокам кардынала займацца рэгістрацыяй Катэхетычнага каледжа ў Баранавічах. Вельмі шмат часу мы праводзілі разам, рыхтуючы паперы і абмяркоўваючы розныя справы. Часам ён бачыў, як мы некаторыя справы не дагледзелі ці нешта не так зрабілі, бачыў, што не хапае нам мудрасці, вопыту, і нам, малодшым ксяндзам, казаў: вось, каб мне ўзяць са сваёй галавы і ў вашую ўкласці тое, што я ведаю, што перажыў. Вельмі хацеў нам перадаць свой вопыт і жыццёвую мудрасць», — дзеліцца кс. Андрэй Рылка.

Дысцыплінаваны

«Будучы яго сакратаром многія гады, я зразумеў, як ставіўся ён да выказванняў і да ацэнкі напісаных слоў. Часамі, каб сфармаваць пэўны дакумент, праходзілі многія гадзіны. Ён вельмі адказна падбіраў словы, шукаў сінонімы. Ен добра ведаў польскую і рускую мовы, валодаў і беларускай. Гэта таксама я ўзяў ад яго», — узгадвае біскуп Антоні Дзям’янка.

Гасцінны

Адной з якасцяў кардынала Казіміра Свёнтка была гасціннасць.

«Ён любіў адведваць святароў. Таксама і яго адведвалі. Памятаю, са сваёй сястрой мы вырашылі адведаць Пінск. Тады яшчэ не змаглі звязацца па тэлефоне. Прыехалі, пабылі. Якраз кардынал быў у касцёле, запрасіў да сябе. Помню, пачаставаў сціплай вячэрай, але вельмі ад душы. А потым правёў па сваім агародзе», — распавёў біскуп Антоні Дзям’янка.

Заўсёды сучасны

Пінскі ардынарый кажа, што кардынал стараўся сачыць за навінамі і «ісці ў нагу» з часам.

«Ён не толькі чытаў даўнейшую тэалагічную літаратуру, але ў яго былі таксама кніжкі на сучасныя тэалагічныя тэмы. І ён знаходзіў час, каб над гэтай тэмай падумаць. Потым, слухаючы яго гаміліі, я ведаў, што гэты чалавек жыве не толькі мінулым, але ведае і актуальныя справы. У яго было заўсёды ўключана радыё. Ён слухаў. Калі збіраліся святары ў 80-90-я гады, ён умеў на пастырскай сустрэчы вылучыць адпаведную тэму і далучыцца да дыскусіі».

Прагматык і стратэг

«Ён быў добрым прагматыкам у касцёльных справах. Можна сказаць, што гэта не было лёгка. Каб размеркаваць святароў, патрэбна было быць някепскім стратэгам. І гэта яму ўдавалася. Яшчэ і тут, у Пінскай дыяцэзіі, працуюць святары, якім менавіта ён выпісваў дэкрэты», — узгадвае біскуп Антоні Дзям’янка.

Адданы жыццю

«Ён вельмі цаніў сяброўства. І калі чалавек адыходзіў у вечнасць, стараўся быць заўсёды на пахаванні. Аднак не жыў гэтымі ўспамінамі. Успамінаў часам гэтых святароў, але каля сябе заўсёды меў кола асобаў і быў настроены на жыццё», — дадае біскуп.

Чалавек малітвы

Многія, хто ведаў кардынала непасрэдна, узгадваюць яго як чалавека малітвы, які ўсе свае справы імкнуўся засноўваць на малітве і быў «глыбока духоўным».

«Я быў разам з кардыналам Казімірам Свёнткам у Мінскай курыі. Мы пражывалі разам. У нас была штодзённая адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і разважанні. Кардынал стараўся захаваць расклад семінарыйнага жыцця», — распавядае біскуп Антоні Дзям’янка.

«Калі я быў пераведзены з Гродна ў Мінск, то ў новаабстаўленай капліцы ў лаўках заўважыў адно выцертае месца. І толькі потым я даведаўся, што гэта месца кардынала. Відаць, ён быў частым госцем падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту», — дадае іерарх.

«Больш ён натхняў нас сваім прыкладам, прыкладам малітвы і нястомленасці. Ён паказваў, што менавіта ў малітве бярэ энергію для ўсяго, што робіць», — узгадвае кс. Павел Рудзьман.

Менавіта кардынал прымаў у свой час будучага ксяндза Паўла Рудзьмана і многіх іншых святароў у семінарыю.

«Ён прызначаў нас лектарамі і акалітамі. На наш акалітат ён прыехаў, нягледзячы на тое, што нядаўна атрымаў траўму галавы. Мне вельмі запомнілася, як была зіма, мароз да 30 градусаў, і ў пінскай катэдры праводзілася Імша сума. Ён прыехаў. Спачатку (у яго заўсёды была такая традыцыя) стаяў і маліўся ў прэзбітэрыі, потым адправіў Імшу і прамовіў гамілію, у якой былі толькі спасылкі на Святое Пісанне. Я такіх гамілій яшчэ не чуў. А пасля Імшы яшчэ Песні жальбы адстаяў на каленях на бетоннай падлозе. Тады яму было 94 гады», — распавядае кс. Павел Рудзьман.

Прыклад надзеі

«Што датычыць надзеі, то ён звычайна казаў семінарыстам, каб яны не расчароўваліся з-за цяжкасцяў на шляху фармацыі, а ішлі да святарства, дару самога Бога: “Усё гэта праміне: лета, зіма, лета, зіма... А за гэтым вас ужо чакае Хрыстус і святарства, і людзі чакаюць!» — узгадвае а. Аркадзь Куляха.

Адданы святарству

«З рук кардынала Казіміра я атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Вельмі сімвалічным быў момант, калі ён сціснуў у абдымках нас, новапрэзбітэраў, пасля нашага пасвячэння 6 снежня 2003 года, і расплакаўся. У такім сталым узросце ён хваляваўся аб тым, устане Касцёл з кален ці не ўстане пасля гэтых усіх пераследаў. Заўсёды з такім моцным узрушэннем, са слязьмі на вачах ён глядзеў на тое, што ў семінарыю прыходзяць новыя навучэнцы, што прымаюць пасвячэнне новыя святары, а Касцёл адраджаецца», — кажа кс. Андрэй Рылка.

Айцец Аркадзь Куляха ўспамінае тыя моманты, калі кардынал нагадваў яму, што семінарыстам патрэбна больш ушаноўваць Найсвяцейшы Сакрамэнт.

«3а чатыры месяцы да смерці падчас апошняй размовы са мною кардынал дзяліўся ўласным духоўным досведам і раіў, каб семінарысты як мага глыбей развівалі ў сабе здаровую традыцыйную пабожнасць праз жывое перажыванне Эўхарыстыі, даручэнне сябе Марыі, а таксама штодзённыя разважанні, рахунак сумлення, ружанцовую малітву, Вяночак да Божай Міласэрнасці, літаніі. Ён заўсёды вельмі радаваўся поспехам семінарыстаў, падкрэсліваючы прыгажосць святарскага паклікання і яго ўзнёсласць. Кардынал заўсёды наведваў семінарыю падчас рэкалекцый, прысвечаных святарскаму пакліканню, сам цэлебраваў Эўхарыстыю, а пасля яе распавядаў гісторыю свайго паклікання, згадваючы біскупа 3ыгмунта Лазінскага, вадзіў удзельнікаў рэкалекцый па семінарыі і катэдры і заахвочваў адважна адказваць на Божы заклік», — узгадвае айцец Аркадзь.

Святар таксама распавёў, што кардынал не толькі захапляўся сваім пакліканнем, але і шанаваў іншых святароў, вельмі радаваўся новым пасвячэнням. Семінарыстам жа заўсёды, паводле ўспамінаў, прэзентаваў падпісаную ад свайго імя картку «на памяць пра аблучыны, прызначэнне лектарам, акалітам або кандыдатам у святарства».

«У гонар пасвячэнняў ён уручаў Біблію або Катэхізіс Каталіцкага Касцёла з асабістым подпісам. Кардынал падкрэсліваў: тым элементам, што яднае прэзбітэраў, з'яўляецца любоў Хрыста, якая мае моц перамяняць і ўдасканальваць», — дзеліцца айцец Аркадзь Куляха.

Чалавек глыбокага даверу да Бога

«Мне кардынал запомніўся як чалавек, які непахісна давяраў Божаму Провіду, і дзякуючы гэтаму заусёды цвёрда стаяў на жыццёвым шляху, тым самым даючы прыклад веры для людзей. Цікава, што ён, перажыўшы шмат выпрабаванняу (лагер, пераслед), ніколі ў сваіх успамінах не наракау ні на лёс, ні на людзей, якія яму прыносілі крыўду. Для мяне асабіста гэта быў прыклад выканання запаведзі любові ў жыцці», — распавёў кс. Юрый Медушэўскі, пробашч парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Мядзведзічах.

«"Божа, які Ты вялікі! Божа, які Ты добры!” Мы часта чулі ад яго гэтыя словы. І тады, калі ён успамінаў сваё жыццё, а дакладней, тое, што Бог учьніў у ім, і тады, калі ён удзяляў пасвячэнні, адчыняў і кансэкраваў адноўленыя і новыя касцёлы. І тады, калі ён не ўсё разумеў у сваім жыцці, але казаў: “Пане Божа... Я на ўсё згодны”», — узгадвае а. Аркадзь Куляха.

Таленавіты святар

Айцец Аркадзь Куляха ўспамінае, што кардынал вельмі ўрачыста і прыгожа цэлебраваў святую Імшу. «Спеў яго таксама быў прыгожы, напоўнены духам праслаўлення Бога», — заўважае святар.

«Гаміліі былі для яго яшчэ адным “полем” для праслаўлення Бога і выяўлення радасці святарства. Запал, з якім гаварыў кардынал, быў школаю для семінарыстаў — у нейкім сэнсе ён даваў больш, чым тэарэтычныя заняткі. Кожная гамілія кардынала была ўгрунтаваная на Божым слове і датычылася праблем сучаснасці», — кажа а. Куляха.

Мужны да канца

Мужнасць і адданасць свайму пакліканню, а таксама глыбокі давер Богу кардынал Казімір Свёнтэк захаваў да канца свайго жыцця. Нават падчас хваробы, лежачы ў шпіталі, ён не губляў надзеі і даверу. І заўсёды, паводле расповедаў, заставаўся аптымістам.

«Гэта быў канец або сярэдзіна лютага 2011 года. Я прыехаў пасля экзаменаў з Люблінскага ўніверсітэта да кардынала ў шпіталь. Мы з ім шмат размаўлялі. Я бачыў, наколькі гэта цяжкая хвароба. Паламаная нага, а таксама час пэўнага пераасэнсавання для яго. Наша апошняя з ім сустрэча і размова была вельмі глыбокая і сардэчная», — узгадвае кс. Андрэй Рылка.

«Мы ўжо як дыяканы былі з ім у шпіталі, дзе, дарэчы, таксама з цікавасцю слухалі апавяданні з жыцця. І на працягу ягонай хваробы я не чуў я ад яго ніколі нараканняў. Пазней, калі кардынал вярнуўся ў Пінск, працягваў, наколькі яму дазваляў стан здароўя, кіраваць дыяцэзіяй. Мне нават пашчасціла трапіць да яго на размову перад атрыманнем прэзбітэрскага пасвячэння. Гэта была мая апошняя сустрэча з кардыналам. І я вельмі ўдзячны Богу за тое, што Ён паставіў такога чалавека на маім жыццёвым шляху. Чалавека, які заўсёды ставіўся да мяне па-айцоўску: і прыкладам, і падтрымкай», — узгадвае кс. Юрый Медушэўскі.

Даведка:

Кардынал Казімір Свёнтэк нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 г. у Вальку (Эстонія). У 1939 годзе скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Пінску. Першым месцам служэння была парафія ў Пружанах. У выніку пераследавання рэлігіі быў арыштаваны і асуджаны на смерць. Два месяцы знаходзіўся ў камеры смерці. Аднак пачатак вайны ў 1941 годзе перашкодзіў уладам выканаць прысуд. У 1944 г. зноў быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў лагераў, дзе цяжка працаваў спачатку ў Сібіры, а потым за Палярным кругам у Інце каля Варкуты. Выйшаў на волю ў 1954 г., апынуўся ў Пінску. Пад патранажам ксяндза Казіміра Свёнтка была адбудавана пінская катэдра. У 1991 годзе Папа Ян Павел ІІ прызначыў яго першым Мітрапалітам новастворанай Мінска-Магілёўскай мітраполіі і Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. У 1994 г. Ян Павел ІІ надаў яму тытул кардынала.

 

11 лютага 1999 г. кардынал Казімір Свёнтэк быў абраны першым Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. 27 верасня 2004 г. Ян Павел ІІ уручыў яму спецыяльную ўзнагароду «Fidei testis» (Сведка веры), прысуджаную Інстытутам Паўла VI. 14 чэрвеня 2006 г. кардынал быў вызвалены Папам Бэнэдыктам XVI ад пастырскага кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй у адпаведнасці з Кодэксам Кананічнага Права, кан. 401, § 1. Адышоў у вечнасць 21 ліпеня 2011 года.
Падрыхтавала Марына Валасар

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.