Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ці можа хрысціянін «святкаваць» Хэлоўін?
Усяго патроху
25.10.2014 12:37

Хутка разам з усім Каталіцкім Касцёлам мы будзем адзначаць урачыстасць Усіх Святых, якая для кожнага хрысціяніна з’яўляецца напамінам аб яго пакліканні да святасці. Але, на жаль, у наша асяроддзе, а асабліва ў моладзевае, уваходзіць і становіцца ўсё больш папулярным “святкаванне” Хэлоўіна. Можа здавацца, што няма нічога дзіўнага і нічога надзвычайнага ў тым, што нехта бавіцца такім чынам. Але трэба задумацца: гэта звычайная забава ці штосьці, што цяжка супаставіць з жыццём чалавека, які лічыць сябе хрысціянінам?

Хэлоўін бярэ свой пачатак у Шатландыі, дзе ў вігілію ўрачыстасці Усіх Святых, 31 кастрычніка, адзначалася свята бога смерці Самайна. Элементы гэтага свята чэрпаліся са старажытных язычніцкіх вераванняў друідаў. Гісторыя расказвае, што ў той час акрамя розных ахвяраванняў са звяроў часам складалі і чалавечыя ахвяры.

Са святкаваннем гэтага дня звязаны таксама звычай пераапранацца ў розныя касцюмы, якія нагадваюць памерлых, пакалечаных ці тых, хто мае дэфармаванае цела. Усё гэта мае месца дзякуючы кельтам, якія верылі, што духі памерлых у гэтую ноч прыходзілі на зямлю. Пры дапамозе касцюма чалавек імкнуўся заблытаць духаў, каб яны пакінулі яго ў спакоі. Даследчыкі сярэднявечча сцвярджаюць, што ў тыя часы чараўнікі і чараўніцы захоўвалі практыку Хэлоўіна. Гэта была ноч чараўніцтва. Аўтар “Сатанінскай бібліі” Антон Ла-Вэй казаў, што гэта найважнейшы дзень у годзе для касцёла д’ябла. У гэты дзень сатаністы асабліва актыўныя. Яны, напрыклад, заклікаюць дэманічных духаў, просячы іх аб дапамозе.

Такім чынам, Хэлоўін не мае нічога агульнага з хрысціянствам, толькі, хіба, тое, што ён парадыруе ўрачыстасць Усіх Святых – тых, хто пасля смерці цешыцца хвалою нябёсаў, хто заслужыў гэта сваім гераічным наследваннем Хрыста. Хэлоўін з’яўляецца працягам язычніцкага свята з элементамі сатанізму. Трэба прызнаць, што кожны чалавек мае права выбару, да якога ніхто нікога не можа прымусіць, але калі хтосьці лічыць сябе хрысціянінам, ён павінен умець адрозніць тое, што згаджаецца з яго верай, ад таго, што ёй супярэчыць. Альбо ён святкуе хрысціянскія святы, альбо язычніцкія, нават калі камусьці можа здавацца, што ў гэтым няма нічога дрэннага.

Хрыстус заклікае нас да святасці. Падчас урачыстасці Усіх Святых Касцёл прыгадвае нам аб тым, хто мы і да чаго мы імкнёмся.

Кс. Ян Раманоўскі
Слова Жыцця, 20 (407), 26 кастрычніка 2014 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.