Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
23 красавіка ў мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай пройдзе «Фэст Божай Міласэрнасці-2017»
Анонсы
19.04.2017 11:55

У нядзелю Божай Міласэрнасці, 23 красавіка, у парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску (мн Лошыца) пройдзе ўрачыстасць з нагоды свята Божай Міласэрнасці. Урачыстае ўшанаванне культу Божай Міласэрнасці стала ў парафіі ўжо традыцыяй і сёлета адбудзецца трэці раз.

Вытокі

Пачаткам фэсту Божай Міласэрнасьці ў парафіі паслужыў Год Божай Міласэрнасці, які адзначаўся ў Каталіцкім Касцёле ў 2015-2016 гадах. Тады ў парафіі ўпершыню прайшоў асаблівы фэст на ўшанаванне Божай Міласэрнасці.

Паводле заснаванай традыцыі, штогод урачыстую святую Імшу цэлебруе біскуп, які ўзначальвае таксама асаблівую малітву, праз якую аддаецца ў апеку Божай Міласэрнасці наша Бацькаўшчына — Беларусь.

Свята Божай Міласэрнасьці ў 2016 годзе з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча

Культ Божай Міласэрнасці ў парафіі Маці Божай Ружанцовай мае асаблівую значнасць: тут распачалося будаўніцтва санктуарыя Божай Міласэрнасці.

Летась, на завяршэнне Году Божай Міласэрнасці Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў вуглавы камень будучага санктуарыя, дастаўлены з базылікі св. Пятра ў Ватыкане.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас асвячэння вуглавога каменя пад будаўніцтва санктуарыя Божай Міласэрнасці

З 2009 году ў парафіяльнай капліцы знаходзіцца абраз Божай Міласэрнасці, перэгрынацыя якога праходзіла ў парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Штодня, у гадзіну Божай Міласэрнасьці ў 15.00, перад абразом адбываецца малітва да Божай Міласэрнасці, якая наўпрост транслюецца ў інтэрнэт.

Урачыстасці ў свята Божай Міласэрнасці ў парафіі Маці Божай Ружанцовай мінулымі гадамі ўзначальвалі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Юрый Касабуцкі. Сёлета ўрачыстую Імшу ўзначаліць дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці бп. Аляксандр Яшэўскі SDB.

Cвята Божай Міласэрнасці ў 2015 годзе з удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага

Фэст Божай Міласэрнасці — таксама свята і мастацкай творчасці: сёлета на ім выступяць пераможцы дзіцяча-моладзевага фэстывалю мастацтваў «Лошыца-2017», а таксама асобны канцэрт сыграе моладзевы каталіцкі гурт «Рыбы».

«Фэст Божай Міласэрнасці-2017» у парафіі Маці Божай Ружанцовай у мікрараёне Лошыца ў Мінску распачнецца ў 15.00 гадзіне. Адрас: вуліца Гашкевіча, 1.

Кс. Генадзь Кухарэвіч CSMA і парафіяльная рада

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.