У фундамент санктуарыя Божай Міласэрнасці (Лошыца) будзе ўмураваны вуглавы камень | Друк |
Анонсы
27.09.2016 12:32

Напрыканцы Года Божай Міласэрнасці, 1 кастрычніка, у парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску (мк-н Лошыца) адбудзецца падзея, значная для ўсяго Касцёла ў Беларусі: Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліць цырымонію ўмуравання вуглавога каменя ў фундамент санктуарыя Божай Міласэрнасці.

Вуглавы камень прывезены з базылікі святога Пятра ў Ватыкане, падараваны Апостальскай Сталіцай і асвечаны Папам Рымскім Францішкам.

Урачыстасць распачнецца святой Імшой у 12.00 у парафіі Маці Божай Ружанцовай у мінскім мікрараёне Лошыца па вуліцы Гашкевіча, 1.
«Мы ішлі да гэтай урачыстасці 13 гадоў!» — кажа пробашч парафіі кс. Генадзь Кухарэвіч CSMA.



«Менавіта столькі часу прайшло з тае пары, калі светлай памяці кардынал Казімір Свёнтэк абвясціў аб будаўніцтве ў нашай парафіі санктуарыя Божай Міласэрнасці.

У гэтай інтэнцыі тады распачыналі маліцца два дзясяткі чалавек, якія збіраліся на святыя Імшы ў дамах вернікаў, пад адкрытым небам на руінах даўняй капліцы ў Лошыцкім парку, у арэндаваным будынку ЖЭСу. Зараз наша парафіяльная сям’я мае свой Божы дом — капліцу, і складае каля тысячы чалавек», — адзначае святар.

Праект будучага санктуарыя

Варта адзначыць, што ў парафіі Маці Божай Ружанцовай знаходзіцца адзіная ў Беларусі копія абраза Божай Міласэрнасці.

Галіна Абакунчык

 
© 2003-2024 Catholic.by