Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэтлеемскі агонь прыбудзе ў Беларусь
Анонсы
10.12.2010 17:42

Гэтую цудоўную перадкалядную традыцыю — распасюджванне Бэтлеемскага агню — распачалі ў 1986 г. у аўстрыйскім горадзе Лінц. Першапачаткова яна планавалася, як акцыя ў перыяд калядных святаў з мэтай падтрымкі дзяцей-інвалідаў і ўсіх, хто патрабуе дапамогі і ўвагі. Гэтую высакародную справу адразу ўзялі ў свае рукі еўрапейскія скаўты.


Кожны год аўстрыйскія скаўты бяруць агонь ў месцы нараджэння Езуса Хрыста ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме і дастаўляюць яго самалётам у Аўстрыю. Пасля ўрачыстасцяў у катэдральным касцёле ў Вене агонь перадаецца ў суседнія краіны.

Менавіта праз рукі скаўтаў Бэтлеемскі агонь пераадольвае шмат межаў і трапляе да ўсіх, хто чакае любові, веры і надзеі ў сваіх сем’ях, сваім доме, сваёй краіне. Агеньчык, як сімвал цяпла, міру і дабрабыту, любові да бліжніх і ўсяго свету, салідарнасці з беднымі, з’яднання з Хрыстом, які таксама нарадзіўся ў беднасці, падарожнічае з захаду на ўсход, мінаючы межы і аб’ядноўваючы хрысціян напярэдадні Нараджэння Пана.

Яшчэ ў ХІІ стагоддзі адзін з удзельнікаў Крыжовага паходу прывёз гэты агонь з Бэтлеема, як падарунак сваёй сям’і і блізкім, як сімвал дабра.

У гэтым годзе Бэтлеемскі агонь ужо ў адзінаццаты раз будзе прывезены ў Беларусь. Беларускім скаўтам яго перададуць 17 снежня 2010 г. на польска-беларускай мяжы каля Гродна польскія скаўты.

Сустрэча агню ў Мінску адбудзецца 18 снежня гг. у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. На пачатку св. Імшы ў 12.00 каталіцкія скаўткі і скаўты Еўропы ўрачыста ўнясуць Бэтлеемскі агонь у архікатэдру. Адтуль ён адразу будзе перададзены ў касцёл святых Сымона і Алены.

Потым Бэтлеемскі агонь будзе перададзены ў іншыя парафіі Мінска, Барысава, Івянца, Гомеля, Паставаў, Глыбокага і Лынтупаў.

 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.