Пошук

22.04.2017 16:34   credo.pro / Пераклад і адаптацыя: Ілья Лапато / Catholic.by

Для многіх католікаў нядзельная Імша з’яўляецца толькі абавязкам, які яны павінны выконваць. Яны не могуць маліцца на літургіі і не сустракаюць там Бога. Што рабіць, каб гэта змянілася?

Езуіт Мацей Шчэнсны SJ раіць у гэтым выпадку наступнае:

«Для кожнага верніка цікава тое, што важна. Напрыклад, сямейныя сустрэчы: не заўсёды мы ідзём на іх без напружання, але яны для нас важныя і неабходныя для нашага жыцця, для ўзаемнай падтрымкі. Гэтаксама і святая Імша — сустрэча з Богам.
 
Каб Імша ўспрымалася як штосьці важнае, трэба спытаць сябе: навошта я туды іду, чаго чакаю? Калі гэта для мяне незразумелы абавязак, то ён ніколі не будзе радасным, бо гэта не маё рашэнне, і яно не будзе важным для мяне.

Часам у Касцёле можна пачуць пра непрактыкуючых католікаў. Гэта тое ж самае, як чуць пра плыўца, які не плавае, або пра веласіпедыста, які не ездзіць на ровары, — гэта дзіўна.

У гэтым кантэксце, калі хтосьці верыць, але не практыкуе, я здзіўляюся: як ён гэта робіць? Мець блізкія адносіны з Богам, устрымліваючыся ад кантакту з Ім, вымагае вялікіх душэўных высілкаў.

Якія прычыны таго, чаму гэта не атрымліваецца? Можа, варта сабе прызнацца, пра што я не хачу з Богам размаўляць?

Бо часта пачынаецца з таго, што ёсць тэмы-табу або сферы, у якія я не хачу Яго ўпусціць. Тады высвятляецца, што дзесьці ў глыбіні сэрца я не да канца давяраю Богу і павінен сачыць за тым, каб наша размова не зайшла ў тую забароненую зону.

Праз гэта мы закрываемся. Магчыма, праблема крыецца ў думцы: ці Бог сапраўды з’яўляецца Богам, Панам жыцця і смерці, ці проста нейкай постаццю з катэхізіса.

А калі я пагляджу на Яго па-сапраўднаму, то забудуся пра ўвесь свет. Я не ўяўляю сабе, каб хтосьці не ўсведамляў і нудзіўся на святой Імшы. Дастаткова сустрэцца з Богам, адкрыцца на Яго прысутнасць, на тое, што там адбываецца, — гэта неверагодна!

Можна нудзіцца на футбольным матчы, калі не разумееш, у чым сутнасць той гульні. Калі зразумеем, адчуем, паверым у адносіны з Езусам, тады, калі мой сябра памірае, — не можна заставацца абыякавым або наракаць: не так арганіст іграе або не так святар кажа.

Бо гаворка ідзе не пра арганіста, не пра святара, не пра суседку і нават не пра мяне. На святой Імшы ідзе гаворка пра Езуса. Калі маё жыццё з’яўляецца малітвай, калі маё жыццё — справы, прагненні, мары — адбываюцца ў адзінстве з Богам, калі напоўнены Ім, калі я жыву Богам, то Эўхарыстыя будзе вяршыняю маёй малітвы, вяршыняю стасункаў з Богам.

Эўхарыстыя ў перакладзе з грэчаскай мовы — «падзяка». Калі я буду маліцца не толькі падчас рэкалекцый або вечарам ці ранкамі, гэта будзе маім дыханнем, маім спосабам жыцця — ніхто не зможа «адарваць» мяне ад Эўхарыстыі.
Як у хрысціянаў-мучанікаў, якім забаранялі ўдзельнічаць у Эўхарыстыі, а яны казалі, што не могуць без яе жыць, і ім неістотна, як паміраць — мучаніцкай смерцю ці павольна згасаючы без Эўхарыстыі. Эўхарыстыя была для іх сустрэчаю. Дык чаму мы не хочам адкрыцца Хрысту?»

Паводле credo.pro
Пераклад і адаптацыя І. Лапато

Абноўлена 11.05.2018 15:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця