Пошук

30.01.2023 15:33   Тэкст: Раман Ярмош / Фота: Раман Ярмош, Станіслаў Зянкевіч — ivyenews.by / Catholic.by

29 студзеня ў Іўі (Гродзенская дыяцэзія) прайшоў ХХ фестываль калядных песень «Gloria in excelsis Deo».

Яго гісторыя распачалася ў 2003 годзе, і вось ужо на працягу двух дзесяцігоддзяў маштабны творчы форум збірае дзяцей і моладзь з усяго Івейскага дэканату, каб праславіць Нованароджаннага Збаўцу.

Фестываль распачаўся святой Імшой за яго ўдзельнікаў, цэлебрацыю якой узначаліў Старшыня Канференцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

У гаміліі, разважаючы над урыўкам з Евангелля паводле Мацвея, які змяшчае пачатак казання Езуса на гары, біскуп адзначыў, што у васьмі благаслаўленнях Збаўца абагульняе Новы Запавет, які Ён прадстаўляе не як закон або катэгарычны прысуд, а як абяцанне і запрашэнне.

«Менавіта гэтыя благаслаўленні сталі праграмай, якая дае магчымасць стаць хрысціянінам», — звярнуў увагу іерарх.

На пачатку фестывальнага канцэрта Біскупскі вікарый па Лідскай акрузе Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Уладзімір Гуляй прачытаў прывітальнае слова біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што, нарадзіўшыся ў беднай бэтлеемскай стаенцы, Пан Езус становіцца салідарным з кожным без выключэння чалавекам, дае нам выразны знак, што шлях да збаўлення адкрыты для ўсіх, таксама і для бедных, пакутуючых, выключаных, малых і слабых паводле катэгорый гэтага свету.

«Гэтыя ўзнёслыя, вялікія праўды хрысціянскай веры цудоўна выражаюцца ў простых словах і прыгожых мелодыях незлічоных калядак і пастаралак, якімі на нашых землях верны люд шмат стагоддзяў праслаўляе Пана Бога. Гэта дзівосная, бясцэпная спадчына веры і культуры, якую мы атрымалі ад папярэдніх пакаленняў і за захаванне якой адказныя перад тымі, якія прыйдуць пасля нас.

Дэканальны фестываль калядак і пастаралак Gloria in excelsis Deo ў Іўі — падзея вялікай духоўнай і культурнай каштоўнасці, бо спрыяе захаванню і памнажэнню скарбаў нашай рэлігійнай культуры.

Яскравым сведчаннем вялікай запатрабаванасці культурных імпрэз такога кшталту з’яўляецца вялікая і штораз большая колькасць удзельнікаў фестывалю: парафіяльных гуртоў, хораў, салістаў, а таксама гледачоў, якія жадаюць глыбокіх духоўных перажыванняў і ўзнёслых эстэтычных уражанняў», — напісаў іерарх.

Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі падзякаваў арганізатарам, дабрадзеям і ахвярадаўцам, якія велікадушна і бескарысліва ўзялі на сябе працу па падрыхтоўцы і арганізацыі фестывалю, а таксама забяспечылі яго паспяховае правядзенне.

«Ад усяго сэрца дзякую гарадскім і раённым уладам у Іўі, якія штогод з вялікай прыхільнасцю і зацікаўленасцю рознымі спосабамі падтрымліваюць фестываль калядак і пастаралак. Дзякую ўсім выканаўцам, гуртам і салістам за тое, што захацелі ўзяць удзел у фестывалі і падзяліцца з аўдыторыяй сваімі талентамі і ўменнямі», — напісаў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Звярнуўшыся з прывітальным словам, Старшыня беларускага каталіцкага епіскапату біскуп Алег Буткевіч заахвоціў вернікаў праз прыгожыя хвіліны фестывалю адкрыць для сябе таямніцу нараджэння Хрыста і згодна з ёю жыць.

Прывітаў удзельнікаў і гасцей фестывалю таксама старшыня Івейскага раённага выканаўчага камітэту Ігар Генец.

Сёлета фестываль Gloria in Excelsis Deo сабраў каля 140 удзельнікаў з амаль усіх парафій Івейшчыны.

Падчас канцэрту дзеці і моладзь з вялікай радасцю і энтузіязмам паказвалі свае таленты і праслаўлялі Езуса. Асаблівасцю сёлетняга фестывалю сталі не толькі музычныя нумары, але і тэатральнае выступленне, якое перадавала атмасферу сапраўднага сялянскага святкавання Божага Нараджэння з куццёй і калядаваннем.

Фестываль у беларускай глыбінцы яшчэ раз пацвердзіў, што беларуская зямля мае сапраўды здольных маладых людзей, якія жадаюць ісці ў свет з Евангеллем, з радаснай навіной аб тым, што Езус Хрыстус нарадзіўся ў беднай стаенцы, каб даць людзям збаўленне.

 

Абноўлена 30.01.2023 15:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.