Пошук

03.05.2024 12:00   Паводле: РАР / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: freepik

У Каталіцкім Касцёле няма разводу, але сужэнства можа быць прызнанае нядзейсным у ходзе спецыяльнага кананічнага працэсу, які доўжыцца ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў.

Пра тое, што найчасцей становіцца прычынай прызнання нядзейснасці сужэнства ў суседняй краіне, распавёў польскі эксперт у сферы кананічнага права ксёндз прафесар Войцех Гаральскі.

Кананіст, або спецыяліст у сферы кананічнага права, папярэдзіў, што тэрмін «касцёльны развод» з’яўляецца памылковым і абразлівым. Правільны тэрмін — прызнанне сужэнства нядзейсным.

«Сужэнства, паводле вучэння Каталіцкага Касцёла, з’яўляецца непарыўным, таму, згодна з кананічным правам, няма магчымасці разводу. Прызнанне нядзейснасці сужэнства — гэта зусім іншае: гэта прызнанне таго, што канкрэтнае сужэнства было заключана нядзейсным чынам, а таму ніколі не мела месца», — растлумачыў святар.

Ён звярнуў увагу на тое, што Кодэкс Кананічнага Права пералічвае тры крыніцы, з якіх вынікае нядзейснасць сужэнства. Першая — гэта перашкоды, з-за якіх сужэнства можа быць заключана нядзейсным чынам: кананічнае права пералічвае іх дванаццаць.

Другой крыніцай з’яўляюцца так званыя недахопы сужэнскай згоды. Нарэшце, трэцяя — незахаванне кананічнай формы сужэнства. Кананіст патлумачыў, што сужэнства павінна быць заключана ў прысутнасці афіцыйнага сведкі, гэта значыць святара, і двух звычайных сведкаў.

Невыкананне гэтых умоваў можа быць падставай для прызнання шлюбу нядзейсным.

Ксёндз Гуральскі адзначыў, што сярод 12-і перашкод, з-за якіх сужэнства не можа быць дзейсна заключана, пералічваюцца наступныя: занадта малады ўзрост (для мужчын гэта не менш за 16 гадоў, а ў жанчын — 14 гадоў), імпатэнцыя, роднасць, сваяцтва, таксама юрыдычнае сваяцтва, існуючая ўжо сужэнская сувязь, гэта значыць той факт, што хтосьці раней заключаў сакрамэнтальнае сужэнства з кімсьці іншым, пасвячэнне або вечныя манаскія абяцанні, розніца ў рэлігіі (католік не можа ажаніцца з неахрышчаным, калі не атрымае дыспенсацыю), а таксама забойства папярэдняга сужонка.

«У апошнім выпадку гаворка ідзе пра сітуацыю, калі мужчына ці жанчына, жадаючы ажаніцца, з гэтай мэтай здзяйсняюць забойства мужа ці жонкі, або мужа ці жонкі таго, з кім хочуць стварыць сям’ю», — растлумачыў святар.

Ён дадаў, што перашкодай з’яўляецца і сітуацыя, калі жанчыну выкрадаюць з мэтай шлюбу.

Польскі кананіст, тым не менш, падкрэсліў, што на практыцы суддзі касцёльных судоў рэдка сутыкаюцца з вышэйзгаданымі справамі. Найбольш частымі прычынамі прызнання шлюбу нядзейсным з’яўляюцца так званыя недахопы сужэнскай згоды. Сярод іх наогул ідзе гаворка пра канон 1095 Кодэкса кананічнага права, які кажа пра немагчымасць прыняць на сябе асноўныя сужэнскія абавязкі з прычын псіхічнага характару.

«Гэта сітуацыі, калі адзін з сужонкаў не можа пабудаваць трывалыя адносіны з-за расстройстваў асобы. Такі чалавек ведае, як павінна функцыянаваць сужэнства, але не можа спраўляцца з патрабаваннямі сужэнства, напрыклад, з-за залежнасці», — патлумачыў святар.

Ён дадаў, што крыніцай нядзейснасці сужэнства можа быць таксама наўмыснае ўвядзенне ў зман будучага сужонка ў важнай справе, напрыклад, утойванне бясплоднасці або нараджэнне дзяцей у іншых адносінах.

Яшчэ адной прычынай з’яўляецца сімуляцыя сужэнскай згоды, якая можа быць поўнай (калі хтосьці робіць выгляд, што ўступае ў шлюб, але на самай справе не мае намеру ажаніцца) або частковай (калі хтосьці загадзя выключае важную ўласцівасць шлюбу, напрыклад, нараджэнне дзяцей, клопат пра сужонка, вернасць або непарыўнасць шлюбу). «Напрыклад, хтосьці можа хацець ажаніцца, але пры гэтым лічыць, што калі ў адносінах узнікнуць складанасці, то ён развядзецца», — заўважыў святар.

Ён дадаў, што сужэнства пад умовай таксама будзе нядзейсным. «Мы маем справу з гэтым, калі хтосьці, уступаючы ў шлюб, вырашае: я ажанюся пры ўмове, што мой сужонак закончыць навучанне, або пры ўмове, што ён не будзе сустракацца з нейкім чалавекам, або пры любой іншай умове», — сказаў касцёльны юрыст.

Ён падкрэсліў, што шлюб, заключаны пад прымусам, таксама з’яўляецца нядзейсным.

«На практыцы мы рэдка сутыкаемся з фізічным прымусам, найчасцей гэта маральны прымус, то бок шантаж. Такія сітуацыі ўсё яшчэ здараюцца, хоць у мінулым іх, вядома, было больш. Напрыклад, гэта можа датычыцца бацькоў, якія пагражаюць сваёй цяжарнай дачцэ, што калі яна не выйдзе замуж за бацьку дзіцяці, то выганяць яе з дома», — патлумачыў кананіст.

Ксёндз Гуральскі адзначыў, што пры вынясенні рашэння аб дзейснасці сужэнства суддзі не ўлічваюць, колькі гадоў доўжыліся адносіны і колькі пара мае дзяцей.

Кананіст нагадаў, што справы аб прызнанні нядзейснасці сужэнства разглядае Біскупскі дыяцэзіяльны суд. Кожная справа разглядаецца трыма суддзямі, якія ў многіх справах карыстаюцца экспертнымі заключэннямі, падрыхтаванымі экспертамі-псіхолагамі і псіхіятрамі. Пасля завяршэння доказнага этапу суддзі выносяць прысуд з абгрунтаваннем.

«Калі рашэнне суда пацвердзіць, што сужэнства было нядзейсным, абодва бакі могуць у будучым заключыць сакрамэнтальнае сужэнства з іншай асобай», — патлумачыў святар.

Ён дадаў, што калі адзін з бакоў або абаронца сужэнскага саюза не згодны з рашэннем, ён можа падаць апеляцыю ў суд другой інстанцыі або непасрэдна ў суд Рымскй Роты, якая з’яўляецца найвышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй адносна рашэнняў Біскупскіх судоў.

Па словах ксяндза прафесара Войцеха Гуральскага, большасць такіх спраў заканчваецца прызнаннем нядзейснасці сужэнства. У залежнасці ад дыяцэзіі, працэсы доўжацца ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў.

Абноўлена 03.05.2024 12:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця