Пошук

03.05.2024 09:24   Паводле: Vatican News UA / Catholic.by
Фота: renovabis.de

Дабрачынная арганізацыя нямецкіх католікаў, якая падтрымлівае Касцёл ва Усходняй Еўропе, зрабіла справаздачу аб размеркаванні сродкаў у 2023 годзе.

Як паведаміла 2 мая Украінская рэдакцыя парталу Vatican News, на працягу 2023 года Акцыя салідарнасці нямецкіх католікаў з насельніцтвам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Renovabis падтрымала 536 праектаў на суму амаль 27 млн еўра. Пра гэта гаворыцца ў выніковай справаздачы арганізацыі. Больш за палову сродкаў было скіравана на сацыяльныя і адукацыйныя праекты, астатняя частка — на падтрымку касцёльных душпастырскіх праектаў, хрысціянскіх СМІ і працы свецкіх у Касцёле.

У прэс-рэлізе паведамляецца, што ў мінулым годзе Renovabis атрымала 8,5 млн еўра ахвяраванняў, а прыбытак ад збораў склаў 3,19 млн еўра. Хоць адбылося зніжэнне на 3,18 млн еўра ў параўнанні з рэкордам ахвяраванняў у 2022 годзе, агульны даход быў на «вельмі высокім сярэднім узроўні». Сур’ёзнымі выклікамі для Renovabis з’яўляюцца вайна ва Украіне, крызіс бежанцаў у Арменіі і імклівы рост кошту будаўнічых праектаў у краінах Усходняй Еўропы, падкрэсліў дырэктар арганізацыі ксёндз Томас Шварц, дадаўшы:

«Мы ўпэўненыя, што зможам пераадолець гэтыя праблемы дзякуючы нашым партнёрам на месцах». Паводле яго словаў, у саму сутнасць гэтай дабрачыннай арганізацыі закладзена гатоўнасць сустракаць новыя выклікі, а не падаць духам перад імі.

Акцыя салідарнасці нямецкіх католікаў з жыхарамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Renovabis была заснавана ў 1993 годзе. З таго часу было падтрымана амаль 26 тыс. праектаў на суму больш за 842 млн еўра. Сродкі на гэтыя праекты паступаюць са збораў, якія праводзяцца па ўсёй Германіі ў межах так званай «Кампаніі Пяцідзесятніцы», а таксама з індывідуальных ахвяраванняў і дзяржаўных асігнаванняў.

Да нядаўняга часу дапамога была сканцэнтравана на адукацыйных і душпастырскіх праектах, у прыватнасці, на будаўніцтве касцёлаў і спадарожных аб’ектаў. З пачаткам вайны ва Украіне арганізацыя пачала ўдзельнічаць у гуманітарных праектах, такіх як раздача прадуктаў харчавання, закупка электрагенератараў, падтрымка ўнутраных перасяленцаў і бежанцаў за межамі Украіны, псіхалагічная дапамога дзецям. Усяго на звязаную з гэтым разнастайную дапамогу было выдаткавана больш за 30 млн еўра.

Абноўлена 03.05.2024 09:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа